Белорусский портал в Казахстане

Беларусь-ЗША



ЗША расчараваныя рашэннем Беларусі не ўдзельнічаць у сумесных праектах па ўтылізацыі ўранавай сыравіны.

ЗША выказалі расчараванне рашэннем Беларусі не ўдзельнічаць больш у сумесных праектах па ўтылізацыі ўранавай сыравіны, што засталася ў краіне з савецкіх часоў.

Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што спадзяецца на выкананне Мінскам абавязацельстваў па ліквідацыі высокаабагачанага ўрану, што з`яўляецца "ўкладам ў забеспячэнне глабальнай бяспекі", перадае BBC.

У канцы 2010 года беларускія ўлады дамовіліся з ЗША вывезці са сваёй тэрыторыі запасы высокаабагачанага ўрану да 2012 года.

Аднак 19 жніўня Беларусь у адказ на санкцыі Вашынгтона заявіла аб прыпыненні работы над сумеснымі з ЗША праектамі па вывазу высокаабагачанага ўрану.

"Беларускі бок лічыць рашэнне ўрада ЗША аб увядзенні эканамічных абмежавальных мер да Рэспублікі Беларусь неабгрунтаваным і неправамерным крокам", — гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

На думку беларускіх улад, гэта палітычна матываваныя рашэнні, якія супярэчаць міжнародным абавязацельствам ЗША. "Гэтае рашэнне таксама ідзе ўразрэз з духам добрасуседства і канструктыўнага ўзаемадзеяння. У гэтых умовах беларускім бокам прынята рашэнне аб замарожванні сумесных з ЗША праектаў па абмену высокаабагачанага ядзернага паліва ў рамках ініцыятывы па зніжэнні глабальнай пагрозы Міністэрства энергетыкі ЗША", — сказаў прэс-сакратар МЗС.

Пры гэтым "Беларусь па-ранейшаму будзе забяспечваць фізічную бяспеку ядзернага паліва ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне нераспаўсюджання".

"Мы таксама не выключаем прыняцця іншых мер у адказ. Спыненне Злучанымі Штатамі прымянення мер эканамічнага прымушэння адносна Беларусі і аднаўленне нармальнага клімату ва ўзаемаадносінах дадуць магчымасць аднаўлення супрацоўніцтва па гэтых праектах", — адзначаецца ў каментарыі.

11 жніўня гэтага года Міністэрства фінансаў ЗША ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі ўвяло санкцыі да чатырох беларускіх прадпрыемстваў — "Нафтана", "Гродна Азота", "Гродна Хімвалакна" і "Белшыны". Грамадзянам ЗША забаронена ўдзельнічаць у камерцыйных або фінансавых здзелках з гэтымі кампаніямі, а любыя іх магчымыя актывы пад юрысдыкцыяй ЗША замарожваюцца.

13 жніўня Барак Абама працягнуў тэрмін дзеяння федэральнага закона  International Emergency Economic Powers Act (IEEPA), які надае прэзідэнту ЗША паўнамоцтвы рэгуляваць гандлёвыя адносіны з краінамі, якія ўяўляюць пагрозу для Злучаных Штатаў Амерыкі. У спіс краін, гандлёвыя адносіны з якімі абмяжоўваюцца IEEPA, уключаны: Іран, М`янма, Судан, Расія, Зімбабвэ, Сірыя, Паўночная Карэя, Лівія і Беларусь. Беларусь была ўключана ў спіс у 2006 годзе "за разбурэнне дэмакратычных інстытутаў".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 20 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/773/8725
Текущая дата: 18.11.2024