Белорусский портал в Казахстане

Ф.Контра: "Самаізаляцыя Беларусі вырасла"



1 ліпеня старшыняваньне ў Эўразьвязе пераходзіць ад Вугоршчыны да Польшчы. У зьвязку з гэтым 29 чэрвеня ў Менску адбылася прэс-канфэрэнцыя амбасадара Польшчы ў Беларусі Лешка Шарэпкі, амбасадара Вугоршчыны Фэрэнца Контры і кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Жана-Эрыка Гольцапфэля.

Фэрэнц Контра, амбасадар Вугоршчыны, якая старшынявала апошнія паўгода ў Эўразьвязе, такім чынам падвёў вынікі сваёй працы:

"Я хацеў казаць пра посьпехі нашага старшынства, але ўсё ж такі ў Беларусі мы не дабіліся посьпехаў. Беларусь за апошнія паўгода дыстанцыянавала сябе ад Эўразьвязу ў выніку вядомых падзеяў 19 сьнежня і пасьля іх. Самаізаляцыя Беларусі вырасла. Таму я б сказаў, што гэта пэрыяд страчаных магчымасьцяў для Беларусі".

Амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра паведаміў, што ўсе ягоныя ініцыятывы наладзіць дыялёг на дыпляматычным узроўні з вышэйшым кіраўніцтвам краіны, міністрам замежных спраў альбо намесьнікамі былі адрынутыя:

"Нам прапаноўвалі сустрэцца на ўзроўні намесьніка начальніка аддзелу. Часам мы на гэта пагаджаліся, часам ветліва адмаўляліся. Гэта ня той узровень, на якім можна гаварыць пра супрацоўніцтва ЭЗ і Беларусі".

Амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка, які прыняў эстафэту ў амбасадара Вугоршчыны, паведаміў, што падчас свайго старшыняваньня Польшча будзе прасоўваць тры асноўныя прыярытэты — эўраінтэграцыю як крыніцу росту, бясьпечную Эўропу і адкрытую Эўропу. Спадар Шарэпка падкрэсьліў:

"Старшыняваньне — гэта перш за ўсё ўменьне выказваць меркаваньне ўсяго Эўразьвязу, а не канкрэтнай краіны, якая зьяўляецца старшынёй. Гэта такі своеасаблівы экзамэн — наколькі дыпляматыя краіны ўжо сасьпела, наколькі яна ў стане працаваць, улічваючы ня толькі інтарэсы сваёй краіны, але і інтарэсы ўсяго Зьвязу. Эўразьвяз — гэта значна больш, чым сума сэпаратных інтарэсаў краінаў. Калі мы кажам пра магчымасьці Польшчы тут уплываць, гэта не залежыць ад таго, старшынюем мы ці не".

Амбасадар Лешак Шарэпка працуе ў Беларусі ўжо чатыры месяцы. Пакуль што ён ня бачыць асаблівых посьпехаў у разьвіцьці адносінаў Беларусі і Эўразьвязу:

"Я ня бачу, шчыра кажучы, якіхсьці сур`ёзных зрухаў у галіне эканамічнага супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Я ведаю, што беларускія ўлады зацікаўленыя менавіта ў гэтым сэгмэнце супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Іншыя менш ім цікавыя. А для нас усе сэгмэнты, усе плятформы ў роўнай ступені цікавыя, адна ўплывае на другую. Так што калі ня будзе паляпшэньняў у палітычных пытаньнях, цяжка чакаць, што будзе паляпшэньне ў эканамічным супрацоўніцтве. Мы ня будзем не заўважаць палітычных пытаньняў, разьвіваючы адносіны эканамічныя. Так што тут я ня бачу асаблівых посьпехаў — і ў межах "Усходняга партнэрства", і ў межах эканомікі".

На думку польскага амбасадара Лешка Шарэпкі, Беларусь павінна ведаць і не забывацца, што яна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы:

"Каб разьвівацца, трэба супрацоўнічаць перш за ўсё з суседзямі — не з Кітаем альбо там з Вэнэсуэлай. Як і ў жыцьці — вы спрабуеце мець добрыя стасункі менавіта з бліжэйшым суседам за сьцяной — ён заўсёды гатовы першы прыйсьці на дапамогу. Але я бачу, што тут Беларусь не да канца выкарыстоўвае свае магчымасьці. Я думаю, што тут ёсьць шмат таленавітых, падрыхтаваных людзей, якія ня маюць магчымасьці да канца разьвіваць і выкарыстоўваць свой патэнцыял".

Журналісты запыталіся ў амбасадараў, ці атрымалі яны запрашэньне на сьвяткаваньне Дня незалежнасьці. І польскі, і вугорскі амбасадары паведамілі, што атрымалі толькі ў аўторак, але ў іх ужо заплянаваныя на 3 ліпеня іншыя сустрэчы, таму наўрад ці ўдасца скарэктаваць свой працоўны каляндар. Што да незапрашэньня на афіцыйныя мерапрыемствы ў Дзень Перамогі, спадар Контра паведаміў:

"Нам не спадабалася тое, што наш няўдзел дзяржаўнае тэлебачаньне ацаніла як падтрымку нацысцкай ідэалёгіі. Гэта выходзіць за межы прыстойнасьці, за межы нармальнай журналістыкі. Мы заявілі пратэст з гэтай нагоды Міністэрству замежных спраў Беларусі. Можна не запрашаць — гэта права дзяржавы. Але абвінавачваць у падтрымцы нацысцкай ідэалёгіі — гэта ўжо заходзіць занадта далёка".

29 чэрвеня 2011
Іна Студзінская
Радыё Свабода


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/794/7576
Текущая дата: 18.11.2024