Белорусский портал в Казахстане

"Газпром" і ўрад Беларусі правялі чарговы раўнд перамоў



"Газпром" і ўрад Беларусі правялі 22 чэрвеня ў Маскве чарговы раўнд перамоў па новым кантракце на пастаўкі газу ў Беларусь і куплі расійскім газавым холдынгам долі ў "Белтрансгазе".

"Старшыня праўлення ААТ "Газпром" Аляксей Мілер і першы намеснік прэм`ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сямашка правялі чарговы раўнд перамоў па дакументах, якія рыхтуюцца да падпісання. Бакі таксама абмеркавалі іншыя пытанні супрацоўніцтва ў газавай сферы", — сказана ў паведамленні "Газпрома".

Падрабязнасці перамоўнага працэсу не паведамляюцца.

Сёлета заканчваецца чатырохгадовы кантракт з "Газпромам" на пастаўку газу ў Беларусь. Бакі вядуць перамовы аб новым кантракце на 2012—2014 гады, пры гэтым беларускі бок увязвае яго з продажам расійскаму "Газпрому" 50% акцый ААТ "Белтрансгаз" за 2,5 млрд. долараў. "Газпром" ужо з`яўляецца ўладальнікам 50% акцый "Белтрансгазу".

Аднак "Газпром" не звязвае падпісанне новага газавага кантракта з перамовамі па "Белтрансгазу". Раней Аляксей Мілер заяўляў, што гэта два розныя дакументы і "абсалютна розныя па сутнасці дамоўленасці".

Гэтыя пазіцыі раней абнародавалі і прадстаўнікі кіраўніцтва Расіі і Беларусі.

У прыватнасці, летась Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб магчымасці продажу 50% акцый "Белтрансгазу", але ў абмен на пастаўку ў Беларусь газу па ўнутрырасійскіх цэнах.

У сакавіку гэтага года на пасяджэнні саюзнага Саўміна прэм`ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін заявіў: расійскі бок зацікаўлены ў набыцці 50% акцый "Белтрансгазу" за 2,5 млрд. долараў. Пры гэтым ён папрасіў беларускіх партнёраў не навязваць Расіі нейкіх дадатковых умоў.

Аднак 23 мая беларускі прэм`ер Міхаіл Мясніковіч, каментуючы ход перамоў аб продажы "Белтрансгазу", пацвердзіў: у рамках гэтай здзелкі сапраўды абмяркоўваецца пытанне цаны на газ. "Гаворка ідзе не проста аб продажы — прадалі і забылі. Трэба, каб прадпрыемства працавала, каб трубы былі звязаныя, пэўныя сродкі паступалі ў бюджэт. Адначасова вядзецца праца і па прагнозу цэн", — сказаў кіраўнік урада.

7 чэрвеня Уладзімір Сямашка зноў заявіў журналістам, што пастаўка Беларусі газу па ўнутрырасійскіх цэнах павінна быць абавязковай умовай продажу акцый "Белтрансгазу".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/797/7421
Текущая дата: 17.11.2024