Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка патрабуе з заўтрашняй раніцы знізіць цэны на паліва



Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў знізіць з заўтрашняй раніцы цэны на паліва. Такое распараджэнне ён зрабіў 8 чэрвеня на экстраннай нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі, фрагменты якой былі паказаны па дзяржаўных тэлеканалах.

"Давайце дамовімся: паліва з заўтрашняй раніцы будзе не 5 тысяч 200 — 5 тысяч 100, а максімум 4 тысячы 500 рублёў, — сказаў Лукашэнка. — Таму можаце ісці і абвясціць усім: 4 тысячы 500 — гэта максімум, гэта я бяру самы дарагі бензін. Ад гэтага будзем лічыць і дызельнае паліва, і больш танны бензін, нізкаактанавы".

Паводле яго слоў, у далейшым цана на бензін не будзе ўзрастаць рэзка, а будзе прывязана да курсу долара, які ўстановіцца.

"І да 1 студзеня, калі ў нас будзе курс ці то 5.000, ці то 4.500: калі 4.500 — такім і застанецца, калі 5.000 — значыць, да 1 студзеня будзеце працаваць па цэнаўтварэнні, у квартал дадаючы па 2—3%, калі гэта трэба будзе. Але не на 30%. Вось і ўсё мае рашэнне адносна паліва", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён дадаў, што, магчыма, давядзецца "адкручваць цэны" і па іншых групах тавараў.

Напярэдадні вечарам у Мінску прайшла масавая акцыя аўтамабілістаў "Стоп-бензін", якія пратэставалі супраць чарговага, чацвёртага з пачатку 2011 года, павышэння цэн на паліва. Некалькі соцень аўтамабілістаў свядома блакавалі рух па праспекце Незалежнасці — спынялі машыны, адкрывалі капоты, імітавалі рамонтныя работы. Супрацоўнікі ДАІ спрабавалі эвакуяваць такія аўтамабілі, але з-за загружанасці праспекта ім гэта не ўдавалася. У выніку рух на ўчастку ад плошчы Перамогі да Галоўпаштамта быў фактычна паралізаваны на працягу амаль дзвюх гадзін.

Міліцыя затрымала пяцярых удзельнікаў акцыі. Ноч яны правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Сёння суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў іх вінаватымі на падставе артыкула 23.34 КоАП (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і пакараў штрафам ў 15—20 базавых велічыняў.

Сёння ж упраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама заявіла, што Дзяржаўтаінспекцыя мае намер па нумарах машын устанавіць вадзіцеляў, якія масава парушылі правілы дарожнага руху вечарам 7 чэрвеня ў Мінску на скрыжаванні вуліцы Купалы і праспекта Незалежнасці. Як растлумачылі ў ДАІ, затрымаць усіх парушальнікаў адразу не было магчымасці, таму што іх было больш, чым супрацоўнікаў міліцыі. Тое, што адбывалася, здымалі відэа, і зараз парушальнікаў чакае выклік у ДАІ. Усе вінаватыя будуць прыцягнуты ў хуткім часе да адказнасці, заявілі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

БелаПАН
Мінск, 8 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/804/7020
Текущая дата: 17.11.2024