Белорусский портал в Казахстане

Кудрын: Расія і Беларусь могуць на працягу месяца дамовіцца пра ўмовы крэдыту



Расія і Беларусь могуць завяршыць перамовы аб умовах фінансава-крэдытнага супрацоўніцтва на працягу месяца, паведаміў 17 красавіка ў Вашынгтоне віцэ-прэм`ер, міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын.

"Я б хацеў, каб мы закончылі на працягу месяца, але гэта залежыць ад характару [перамоў], могуць быць цяжкасці з пытаннямі, якія мы разбіраем", — сказаў Кудрын, словы якога прыводзіць РІА Новости.

Міністр паведаміў, што 11 красавіка праводзіў сустрэчу з беларускім калегам, дзе абмяркоўвалася гэтае пытанне. "Мы абмяняліся інфармацыяй, адказвалі на пытанні адзін аднаго, у мяне ёсць разуменне таго, што сёння гатова і як гэта ўяўляе беларускі бок", — сказаў ён. Кудрын паведаміў, што бакі акрэслілі спіс пытанняў, па якіх трэба папрацаваць дадаткова. "Такая праца ўжо ідзе кожны дзень", — падкрэсліў ён.

Апрача таго, паводле слоў Кудрына, пасля завяршэння перамоў з Расіяй Беларусі неабходна будзе прайсці працэдуры Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. "Будзе таксама задзейнічана рабочая група антыкрызіснага фонду, у якой будзе браць удзел і Казахстан, і іншыя ўдзельнікі антыкрызіснага фонду, яны таксама могуць зрабіць свае заўвагі да ўсіх матэрыялаў", — сказаў расійскі міністр.

15 красавіка Кудрын заявіў, што Расія абмяркоўвае з МВФ пытанні аказання дапамогі Беларусі і гатова "выступіць першым эшалонам падтрымкі". "Спадзяемся, што пасля гэтага падрыхтуюцца ўмовы для ўдзелу МВФ", — падкрэсліў Кудрын.

"Я ведаю, што МВФ зараз не гатовы прадаставіць новую праграму, прынамсі пакуль усе рашэнні па зніжэнні дэфіцыту бюджэту, па курсавой палітыцы не будуць зноў уключаныя ў планы ўрада і не будуць прынятыя. Золатавалютныя рэзервы Беларусі зніжаюцца, і я ведаю, што ўрад  Беларусі гатовы да рэформ. Наколькі гэтая рашучасць будзе рэалізаваная, я не магу сцвярджаць дакладна", — заявіў расійскі міністр.

Раней Мінск звярнуўся да ўрада Расіі па крэдыт у памеры 1 млрд. долараў і да Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС па крэдыт у 2 млрд. долараў.

Між тым 16 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нармалізацыя сітуацыі на валютным рынку — справа некалькіх дзён. Ён не ўдакладніў, пра якія меры ідзе размова.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 18 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/823/5963
Текущая дата: 17.11.2024