Белорусский портал в Казахстане

16 сакавіка стаўка рэфінансавання ў Беларусі павышаецца з 10,5 да 12%



16 сакавіка стаўка рэфінансавання ў Беларусі павышаецца на 1,5 працэнтнага пункта, з 10,5 да 12%. Такое рашэнне прынята Нацыянальным банкам "у мэтах адэкватнага рэагавання на павышэнне ўзроўню інфляцыі, якое назіралася ў пачатку гэтага года ".

Як зазначаецца ў паведамленні ўпраўлення інфармацыі Нацбанка, індэкс спажывецкіх цэн у лютым 2011 года склаў 102,7%. Гэта галоўным чынам звязана з ростам тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі з-за павелічэння цаны куплі прыроднага газу, які імпартуецца з Расійскай Федэрацыі, і ўздзеяннем павелічэння сусветных цэн на энерганосьбіты і прадукты харчавання.

"Павышэнне стаўкі рэфінансавання на 1,5 працэнтнага пункта звязана з неабходнасцю безумоўнага выканання ключавога прынцыпу працэнтнай палітыкі Нацыянальнага банка — падтрыманне ставак грашовага рынку на станоўчым узроўні ў рэальным выражэнні для надзейнай абароны рублёвых укладаў насельніцтва ў банках ад інфляцыі", — адзначае Нацбанк.

"На фоне няўхільнага захавання параметраў курсавой палітыкі, прадугледжаных асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год, гэта мера прывядзе да далейшага ўзмацнення прывабнасці рублёвых зберажэнняў у параўнанні з укладамі ў замежнай валюце", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Стаўка рэфінансавання з`яўляецца інструментам грашова-крэдытнага рэгулявання, пры дапамозе якога Нацыянальны банк уздзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі па дэпазітах юрыдычных і фізічных асоб і крэдытах, якія даюць ім крэдытныя арганізацыі.

У адпаведнасці з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год, прадугледжана зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8—10% гадавых.

З 15 верасня 2010 года стаўка рэфінансавання ў Беларусі ўстаноўлена на ўзроўні 10,5%. З пачатку 2010 года гэты паказчык зніжаўся шэсць разоў (у лютым, красавіку, маі, ліпені, жніўні, верасні).

19 лютага віцэ-прэм`ер Сяргей Румас, выступаючы ў парламенце, заявіў, што ва ўрадзе не выключаюць магчымасці павелічэння сёлета стаўкі рэфінансавання. Нагадаўшы, што ў 2015 годзе ставіцца задача знізіць стаўку рэфінансавання да 6—8%, ён адзначыў: "Але тут сітуацыя будзе цалкам залежаць ад сітуацыі ў эканоміцы. Магчыма, сёлета з улікам інфляцыі стаўку рэфінансавання давядзецца павялічыць".

Паводле слоў Румаса, ён прыхільнік "таго, што льготныя працэнтныя стаўкі па крэдытах разбэшчваюць і ні да чаго добрага не прыводзяць". У прыватнасці Румасу вядомы выпадкі, калі рынкавы крэдыт выкарыстоўваўся найлепшым чынам. "Але ёсць дзяржпрадпрыемствы, якія бяруць ільготныя крэдыты, асвойваюць іх, а пабудаваную вытворчасць нельга эфектыўна выкарыстоўваць", — дадаў віцэ-прэм`ер. Урад, падкрэсліў ён, "будзе абмяжоўваць бясплатную раздачу грошай".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 сакавіка 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/834/5013
Текущая дата: 16.11.2024