Белорусский портал в Казахстане

У Мінску з незаконнага абароту выведзена найбуйнейшая за апошнія пяць гадоў партыя каштоўных камянёў



Партыя больш чым у 800 камянёў (сярод іх брыльянты, рубіны, сапфіры і марскі жэмчуг) выяўлена на днях аператыўнікамі ўпраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў ГУУС Мінгарвыканкама.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС, гэтыя каштоўнасці ў Мінск з Расіі прывезла жыхарка Паўднёва-Сахалінска з беларускімі каранямі. Тавар яна рэалізоўвала ў адной з чатырох уласных кватэр у беларускай сталіцы. Кліентаў шукала на спецыялізаваных форумах і аўкцыёнах у інтэрнэце.

Паводле версіі затрыманай, частку каштоўных камянёў ёй пастаўляў свёкар, які працуе ювелірам у Смаленску, а астатнія яна асабіста купляла па нізкіх цэнах на аўкцыёнах у Вялікабрытаніі і Кітаі.

Экспертам трэба будзе ўстанавіць кошт канфіскаванага, але нават па самых сціплых прагнозах размова ідзе пра 40—50 тыс. долараў. Да таго ж пры затрыманні ў расіянкі было выяўлена і 76 залатых вырабаў больш чым на 10 тыс. долараў.

У дачыненні да затрыманай распачата крымінальная справа за парушэнне правілаў аб здзелках з каштоўнымі металамі і камянямі ў буйным памеры (ч. 3 арт. 223 КК). За такое злачынства прадугледжана да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Гэтая міліцэйская спецаперацыя стала самай выніковай за апошнія пяць гадоў у Беларусі. Аналагічная канфіскацыя рабілася толькі ў 2006 годзе. Тады да патэнцыяльных уладальнікаў не дайшла партыя брыльянтаў, якую зламыснікі перамяшчалі праз Беларусь з Танзаніі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 25 лютага 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/838/4701
Текущая дата: 16.11.2024