Белорусский портал в Казахстане

Парламент Германіі заклікае ўрад абмежаваць эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю



Бундэстаг рашуча асудзіў пераследы ў Беларусі "апазіцыі і сіл грамадзянскай супольнасці" пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

З салідарнай пазіцыяй выступілі чатыры з пяці фракцый парламента: хрысціянскія дэмакраты (ХДС/ХСС; яе прадстаўнік Ангела Меркель з`яўляецца федэральным канцлерам), свабодныя дэмакраты (СвДП), сацыял-дэмакраты (СДПГ) і Саюз-90/"Зялёныя", паведамляе сайт бундэстага. Да іх не далучылася фракцыя левых, якая займае 12,2% месцаў.

10 лютага парламент Германіі разгледзеў у першым чытанні тры праекты заявы па беларускім пытанні, падрыхтаваныя правячай кааліцыяй ХДС/ХСС—СвДП, СДПГ і Саюзам-90/"Зялёнымі".

Ва ўсіх праектах утрымліваецца заклік да ўрада краіны працягваць барацьбу за вызваленне палітзняволеных у Беларусі. Парламентарыі не прызнаюць вынікі выбараў, якія "не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі". "Жорсткія дзеянні" беларускай міліцыі супраць апазіцыі сталі праявай "поўнай непавагі да еўрапейскіх каштоўнасцяў і правіл з боку урада і прэзідэнта Лукашэнкі".

На думку бундэстага, урад Германіі павінен выступіць за перагляд палітыкі выдачы Беларусі крэдытаў па лініі Міжнароднага валютнага фонду, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама ўдзелу краіны ў праграмах Еўрасаюза. Апрача таго, урад Меркель павінен адмовіцца ад палітычных кантактаў з Мінскам на высокім узроўні да вызвалення палітзняволеных.

Фракцыі бундэстага вітаюць рашэнне міністраў замежных спраў краін ЕС увесці візавыя абмежаванні для беларускіх службовых асоб і замарозіць іх актывы.

Разам з тым у праектах заяў утрымліваюцца розныя падыходы да пытання ўезду беларускіх грамадзян у краіны Шэнгенскай зоны. Правячая кааліцыя прапаноўвае выдаваць "па магчымасці" бясплатныя візы, асабліва тым, каму "пагражае палітычны пераслед з боку ўладаў". СДПГ выступае за тое, каб "у прынцыпе ўсе грамадзяне" маглі прыязджаць у ЕС бясплатна і без бюракратычных замінак. Фракцыя Саюз-90/"Зялёныя" лічыць неабходным адмяніць візавы рэжым для беларускіх грамадзян.

Напярэдадні абмеркавання беларускага пытання спікер фракцыі ХДС/ХСС па пытаннях знешняй палітыкі Філіп Місфельдэр заявіў у інтэрв`ю часопісу "Шпігель" пра неабходнасць больш жорсткіх санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска. "Мы павінны аказваць больш эканамічнага націску", — мяркуе Місфельдэр. Паводле яго слоў, для Беларусі вельмі важны экспарт нафтапрадуктаў, і эмбарга магло б "сур`ёзна закрануць рэжым". "ЕС дастаткова моцны, каб расхістаць такую сістэму, як Беларусь", — мяркуе дэпутат.

Паводле яго слоў, дэбаты ў бундэстагу закліканы ўтрымліваць беларускую тэму ў цэнтры ўвагі. "Я чакаю тэрміновага сігналу, што Германія не забылася пра Беларусь. У сённяшняй Еўропе непрымальна, каб дыктатар фальсіфікаваў выбары, а затым з такой жорсткасцю знішчаў любую праяву апазіцыйнасці", — заявіў Місфельдэр.

Дэпутат лічыць важным адзіны падыход ЕС да беларускага пытання. "Галоўнае, каб мы гаварылі адным голасам", — сказаў ён. Калі гэтага не адбудзецца, больш не варта філасофстваваць пра адзіную еўрапейскую знешнюю палітыку. "Беларусь зараз для мяне — лакмусавая паперка таго, наколькі эфектыўная знешняя палітыка ЕС", — сказаў парламентарый.

Апрача таго, Місфельдэр прапаноўвае цеснае супрацоўніцтва з ЗША і Расіяй. "Важна, каб Расія ўдзельнічала. Нават калі Расія і Еўропа не заўсёды сыходзяцца ў меркаванні адносна развіцця Беларусі ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў, Масква не можа ігнараваць сітуацыю ў суседняй краіне. Крэмль не можа хацець другую Паўночную Карэю перад уласнымі дзвярыма", — мяркуе дэпутат бундэстага.

На 21 лютага ў Калінінградзе запланавана сустрэча парламентарыяў Расіі, Польшчы і Германіі. Сярод іншых пытанняў нямецкая дэлегацыя наважана абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі, гаворыцца ў распаўсюджаным бундэстагам паведамленні для прэсы.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 11 лютага 2011



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/842/4414
Текущая дата: 16.11.2024