Белорусский портал в Казахстане

Даходы з-за мяжы падлягаюць абавязковаму дэклараванню



У Беларусі і надалей будуць ажыццяўляцца мерапрыемствы па скарачэнні падатковага заканадаўства, паведаміў учора ў Мінску першы намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Сяргей Налівайка.

У прыватнасці, ужо ў хуткім часе распрацоўшчыкамі плануецца істотна скараціць колькасць першасных уліковых дакументаў, каб такім чынам сур`ёзна скараціць алгарытм ажыццяўлення бухгалтарскага ўліку. Непасрэдна формы такіх першасных уліковых дакументаў будуць вызначацца ўрадавымі структурамі, а колькасць іх значна паменшыцца, прыкладна да 10—15 дакументаў. Такое рашэнне па спрашчэнні сістэмы бухуліку будзе зацверджана адпаведным указам кіраўніка дзяржавы. Праект гэтага ўказа прадугледжвае і адмену сённяшняй практыкі па стварэнні галіновых нарматыўных актаў, што зараз зацвярджаюць першасныя ўліковыя дакументы.

Цяпер у Саўміне разглядаюцца прапановы аб магчымасці зніжэння адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак, як адзначыў Сяргей Налівайка, для дасканалай распрацоўкі новых падыходаў па гэтым напрамку спатрэбіцца не адзін дзень.

Адказваючы на пытанні журналістаў, намеснік міністра адзначыў, што кіраўніцтву МПЗ пакуль не вядома аб канчатковым рашэнні далучыць іх міністэрства ў склад Мінфіна. Разам з тым, спадар Налівайка адзначыў, што нават пасля нейкіх структурных пераўтварэнняў функцыі падатковых органаў не зменяцца.

Як вядома, да 1 сакавіка асобныя грамадзяне нашай краіны павінны падаць дэкларацыі аб сукупным гадавым даходзе за мінулы год у падатковыя інспекцыі. Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька ў чарговы раз нагадаў аб неабходнасці дэкларавання даходаў, якія былі атрыманы за мяжой ці з-за мяжы. Падатковыя службы будуць правяраць любую інфармацыю аб атрыманні грамадзянамі Беларусі даходаў з-за мяжы. Міхаіл Расолька ўдакладніў, што падатковыя службы атрымліваюць інфармацыю аб даходах грамадзян з самых розных крыніц, у тым ліку з банкаў, паштовых аддзяленняў, іншых арганізацый і структур. Да асоб, якія паспрабуюць ухіліцца ад дэкларавання даходаў, што атрымліваюцца з-за мяжы, могуць прымяняцца адпаведныя санкцыі згодна з заканадаўствам Беларусі.

Сяргей Куркач
Звязда 9 лютага 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/844/4343
Текущая дата: 16.11.2024