Белорусский портал в Казахстане

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць беларускага рэжыму



У Сенаце ЗША 27 студзеня адбыліся слуханні на тэму "Наступ на дэмакратыю ў Беларусі: адказ рэжыму Лукашэнкі".

Амерыканскія сенатары заслухалі экспертаў, каб прыняць адэкватныя меры супраць беларускіх уладаў, паведамляе Руская служба "Голасу Амерыкі".

Запрошаны на слуханні, якія правёў падкамітэт Сената па справах Еўропы, памочнік дзяржсакратара Філіп Гордан заявіў, што "ў тым выпадку, калі ўрад Беларусі не зменіць курс, Злучаныя Штаты рыхтуюць дзеянні, што ўключаюць тры асноўныя кірункі, якія стануць наступствамі дзеянняў беларускіх уладаў".

Першы кірунак прадугледжвае "адкліканне выдадзенай у 2008 годзе генеральнай ліцэнзіі, якая дазваляе амерыканскім грамадзянам весці бізнес з дзвюма даччынымі кампаніямі беларускай дзяржаўнай нафтавай і хімічнай кампаніі "Белнафтахім".

Другі кірунак — "пашырэнне спіса дзяржаўных чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіну".

Апрача таго, плануецца "ўвядзенне дадатковых фінансавых санкцый, якія распаўсюджваюцца на шэраг прыватных фізічных і юрыдычных асоб".

Распрацоўваючы пакет мер, скіраваных супраць кіраўніцтва Беларусі, ЗША адначасова плануюць павялічыць памер дапамогі "дэмакратычным сілам у рэспубліцы і ахвярам рэпрэсій". Летась, паводле слоў Гордана, ЗША выдзелілі 11 млн. долараў на "падтрымку грамадзянскай супольнасці, забеспячэнне доступу да інфармацыі, узмацненне палітычнай канкурэнцыі, а таксама пашырэнне ўзаемадзеяння беларускіх грамадзян са знешнім светам". У святле апошніх падзей у Беларусі ЗША маюць намер сёлета "павялічыць памеры такой дапамогі на 30%", прыводзяць словы памочніка дзяржсакратара замежныя СМІ.

Гордан паведаміў, што ЕС "плануе прыняць рашэнне аб дадатковых мерах у дачыненні да Беларусі 31 студзеня". У той жа дзень ЗША збіраюцца абвясціць аб уласных захадах супраць Мінска.

Сенатар Дзік Дурбін, які два тыдні таму наведаў Беларусь, паведаміў на слуханнях пра сваю сустрэчу з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Сенатар асабліва абурыўся "цынізмам беларускага дыпламата", калі апошні, адказваючы на пытанне аб дэмакратыі ў Беларусі, параўнаў яе з дэмакратыяй у ЗША. "Сенатар, вы жывяце ў краіне, у якой дэмакратыя ўжо была 200 гадоў таму. Нашай жа дэмакратыі ўсяго толькі 20 гадоў. Мы не выкарыстоўвалі гумавыя кулі або слёзатачывы газ супраць дэманстрантаў. Будзьце да нас нястрогія!" — працытаваў словы беларускага міністра Дурбін.

Намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека Томас Меліа, які таксама на днях наведаў Беларусь са спецыяльным візітам, зазначыў: тое, што ён назіраў у сучаснай Беларусі, шакіравала яго. Памочнік дзяржсакратара ўказаў на шматлікія парушэнні правоў чалавека. Падчас візіту Меліа сустракаўся як з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, так і з сем`ямі апазіцыянераў, якія дагэтуль знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Каментуючы асцярогі сенатараў аб тым, што санкцыі супраць беларускага рэжыму могуць зблізіць яго з Расіяй, дырэктар праваабарончай арганізацыі "Фрыдам Хаус" былы намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Дэвід Крамер заўважыў: "Нам трэба спыніць глядзець на Беларусь скрозь расійскую прызму. У 2006 годзе ЕС і ЗША наклалі санкцыі на Лукашэнку зыходзячы з таго, што ён жорстка абыходзіўся са сваім народам, а не зыходзячы з добрых ці дрэнных адносінаў паміж Масквой і Мінскам. Мы не павінны адступаць ад гэтага падыходу, гэтак жа як мы не павінны перажываць за тое, што санкцыі падштурхнуць Лукашэнку да Расіі".

Кенет Уолак з Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута ў Вашынгтоне зазначыў, што "ЗША павінны дзейнічаць разам з Еўрапейскім саюзам і іншымі членамі міжнароднай супольнасці".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 28 студзеня 2011




Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/849/4052
Текущая дата: 16.11.2024