Белорусский портал в Казахстане

Няма нафты ні з Расеі, ні з Вэнэсуэлы



У канцэрне "Белнафтахім" паведамілі, што расейская нафта на беларускія заводы па-ранейшаму не пастаўляецца. У канцэрне нічога не маглі сказаць пра пэрспэктывы падпісаньня нафтавых кантрактаў з Расеяй. На нафтаперапрацоўчых заводах у Наваполацку і Мазыры адзначаюць, што запасаў нафты хопіць толькі да канца студзеня, пасьля чаго працоўны цыкл, магчыма, давядзецца спыніць.

Тым часам у расейскай кампаніі “Транснефть” паведамілі, што ў адсутнасьць пагадненьняў зарэзэрваваная для Беларусі нафта накіроўваецца іншым пакупнікам.

Летась Расея адмаўлялася пастаўляць бязмытную нафту на той падставе, што не падпісаныя міждзяржаўныя пагадненьні аб стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы. У канцы 2010 году абедзьве палаты беларускага Нацыянальнага сходу ратыфікавалі ўсе неабходныя дакумэнты, аднак чаканага выніку іхнія захады не далі. Цяпер Расея патрабуе закласьці ў формулу цаны дадаткова 45 даляраў за кожную тону, каб забясьпечыць роўную даходнасьць пры пастаўках нафты.

Пра "істотныя зрухі" ў нафтавым пытаньні было заяўлена падчас перамоваў на мінулым тыдні ў Маскве прэм`ер-міністраў Расеі і Беларусі — Уладзімера Пуціна і Міхаіла Мясьніковіча. Кіраўнік расейскага ўраду нават паабяцаў, што за кошт паставак нафты беларуская эканоміка атрымае ўскосныя субсыдыі ў памеры больш за 4 мльярды даляраў. Аднак Мясьніковіч зьехаў, а нафтаперапрацоўчыя заводы так і засталіся на галодным пайку.

Экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак лічыць, што прычыны непаразуменьняў маюць не эканамічную, а палітычную прыроду:

"Вельмі цяжка пра нешта казаць, калі ўсе перамовы праходзяць закулісна, таемна. Але, як мне здаецца, зараз вырашэньню пытаньняў проста замінаюць адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным, паміж Лукашэнкам і Мядзьведзевым. Гэтыя расейскія ваўкі яшчэ не наеліся, і пакуль ня зжэрлі Беларусь, яны будуць сябе паводзіць так, як і паводзяць цяпер. А Лукашэнка ня хоча аддаваць актывы, трымае, сам хоча стаць багатым чалавекам. Ну, і ідзе вось гэтая сабачая валтузьня паміж імі. Думаю, што менавіта гэта ў падмурку ўсіх адносінаў. Складнік перадусім палітычны, а таксама дрэнныя асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі".

Эканаміст, экс-кандыдат у прэзыдэнты на нядаўніх выбарах Віктар Цярэшчанка схільны лічыць, што Расея асэнсавана гуляе на нэрвах беларускага кіраўніцтва, даючы яму зразумець, хто сапраўдны гаспадар на так званай саюзнай прасторы:

"Гэта дэманстрацыя і палітычнай, і эканамічнай пазыцыі Расеі. І я перакананы, што ў бліжэйшыя месяцы ціск з боку Масквы будзе толькі ўзмацняцца, каб паказаць "кузькіну маці" Беларусі. Але гэта ня будзе, як раней, блазенства; гэта будзе на дзяржаўным узроўні і абкладзена канкрэтнымі ўмовамі: заплаці — атрымай. І гэта будзе выключна ў інтарэсах Расеі... Сувэрэнітэт Беларусі мы практычна пачалі губляць зь сярэдзіны сьнежня. І ў самы бліжэйшы час гэта будзем разумець усё больш яскрава. Ніякіх цукерак, падарункаў ня будзе. А калі будуць субсыдыі, то яны будуць жорсткія і дакладна агавораныя з боку Расеі".

Карэспандэнт: "Але ж Пуцін, нібыта, паабяцаў датацыяў на 4 мільярды даляраў толькі ад нафты…"

ВЦ: "Ня так усё проста, яшчэ раз кажу: падарункаў ня будзе. Будуць умовы дакладныя, жорсткія, у рамках прававых дакумэнтаў, дамоваў. Натуральна, умоваў, якія будзе ставіць Расейская Фэдэрацыя. А з прыходам дэфолту, які ў нас практычна наступіў, банкруцтва дзяржавы непазьбежнае, яно ўсё больш яўнае. І ніякая кучка золата сытуацыю не ўратуе. Гэта ўсё гульні, якія Карл Маркс прыдумаў 150 гадоў таму".

Між тым інфармацыі пра новыя танкеры з вэнэсуэльскай нафтай для Беларусі няма.

Радыё Свабода
24 студзеня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/856/3958
Текущая дата: 26.12.2024