Белорусский портал в Казахстане

Дзяржаўны доўг Беларусі не перавышае парога эканамічнай бяспекі



На 1 студзеня 2011 года ён склаў 61 трыльён рублёў, ці 37,4 працэнта да ВУП.

У апошнія пяць гадоў паказчыкі дэфіцыту кансалідаванага бюджэту Беларусі не перавышалі эканамічна бяспечнай мяжы (парогавае значэнне 3 працэнты), а на канец мінулага года дэфіцыт склаў 2,6 працэнта ВУП ці 4,2 трыльёна рублёў. Што датычыцца запазычанасці плацельшчыкаў перад бюджэтамі ўсіх узроўняў, то яна на 1 студзеня гэтага года склала ўсяго толькі 32 мільярды рублёў. "Для апошніх гадоў, — паведаміў на сустрэчы з журналістамі намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын, — гэта гістарычны мінімум. На працягу леташняга года гэтая запазычанасць знізілася на 27 мільярдаў рублёў. Гэта вельмі добрая прымета, якая сведчыць пра высокую збіральнасць падаткаў".

Паводле агучаных звестак, даходы кансалідаванага бюджэту склалі 48, 8 трыльёна рублёў, ці 101 працэнт ад гадавога плана, расходы — 53 трыльёны рублёў, ці 98 працэнтаў ад запланаванага. Як адзначыў Уладзімір Амарын, летась былі выкананыя ўсе сацыяльныя абавязацельствы бюджэту, забяспечаны своечасовыя выплаты пенсій, дапамог і зарплат. Дзяржаўны доўг Беларусі на пачатак года не перавысіў парога эканамічнай бяспекі ў 40 працэнтаў: на 1 студзеня 2011 года ён склаў 61 трыльён рублёў, ці 37,4 працэнта да ВУП. Пры вызначаным ліміце ў 11 мільярдаў долараў знешні дзяржаўны доўг склаў 9,7 мільярда, а ўнутраны вызначаны ў суме амаль 32 трыльёны рублёў пры такім жа вызначаным ліміце.

Мінулая пяцігодка, паводле слоў начальніка Галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Мінфіна Дзмітрыя Кійко, праходзіла пад дэвізам спрашчэння падатковай сістэмы. За пяць гадоў на падставе падрыхтаваных прапаноў было адменена 26 падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў. Летась, у прыватнасці, краіна цалкам адмовілася ад збірання так званых абаротных падаткаў, якія аказвалі найбольш негатыўны ўплыў на эканоміку (перш за ўсё, гэта збор у фонд падтрымкі сельгасвытворцаў і мясцовы падатак з продажу). З улікам гэтага, зазначыў Дзмітрый Кійко, нават пры павелічэнні стаўкі ПДВ летась забяспечана зніжэнне падатковага цяжару, у распараджэнні плацельшчыкаў засталося каля 800 мільярдаў рублёў.

Захаваная палітыка па зніжэнні падатковага цяжару і пры фарміраванні бюджэту на 2011 год. Так, з 1 студзеня адмененыя ўсе падаткі, якія з`яўляюцца асаблівасцямі падатковай сістэмы нашай краіны: мясцовы падатак на паслугі, мясцовы падатак з прыбытку, тры плацяжы ў складзе экалагічнага падатку. У выніку сёння цалкам вырашанае пытанне са структурай падатковай сістэмы і колькасцю падатковых плацяжоў, якія адпавядаюць стандартам развітых краін.

Дадатковыя захады, паведаміў Дзмітрый Кійко, сёлета будуць прынятыя і па лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, усе асноўныя з іх прадугледжваюцца Дырэктывай №4. Лібералізацыя ўмоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці закране такую сферу, як бухулік і справаздачнасць. Мінфінам ужо падрыхтаваная новая рэдакцыя закона аб бухуліку і справаздачнасці, якой прадугледжваецца скарачэнне колькасці формаў бухгалтарскай справаздачнасці для арганізацый з 6 да 4, для суб`ектаў малога прадпрымальніцтва — да 2. Яшчэ адзін дакумент, праект указа, падрыхтаваны міністэрствам, накіраваны на скарачэнне пераліку абавязковых да прымянення пярвічных уліковых дакументаў і рэквізітаў у іх. З прыняццем апошняга іх пералік скароціцца да 10, а астатнім будзе нададзены рэкамендацыйны характар. Адначасова арганізацыям будзе дадзена магчымасць самастойна вызначаць пярвічныя ўліковыя дакументы з улікам пэўных патрабаванняў, што істотна скароціць рэгламентацыю іх дакументаабароту. Дзмітрый Кійко падкрэсліў, што прыняцце праектаў закона і ўказа дазволіць істотна зменшыць цяжкасці бухуліку і знізіць затраты на яго вядзенне.

Між іншым, як адзначылі прадстаўнікі Мінфіна, захады па зніжэнні падатковай нагрузкі будуць прымацца на працягу ўсёй пяцігодкі. Рэфармаванне падатковай сістэмы, якая будзе ажыццяўляцца адначасова з аптымізацыяй бюджэтных расходаў, дазволіць да канца пяцігодкі знізіць падатковы цяжар да ВУП да 26 працэнтаў. "Гэты паказчык, — сказаў Дзмітрый Кійко, — будзе адпавядаць паказчыкам еўрапейскіх краін. Такім чынам, будуць створаныя ўмовы для далейшага эканамічнага росту і павышэння рэйтынгавых ацэнак Беларусі ў міжнародных даследаваннях".

Каментуючы па просьбе журналістаў размяшчэнне 19 студзеня еўрабондаў на 800 мільёнаў долараў пад фіксаваную стаўку 8,95 працэнта, Уладзімір Амарын не пагадзіўся з тым меркаваннем, што запазычанне ажыццёўлена пад высокія працэнты. Паводле яго слоў, гэта "дастаткова камфортная для нас на сёння даходнасць", праведзена ж размяшчэнне еўрабондаў было з мэтай дыверсіфікацыі пазык і фарміравання крэдытнай гісторыі краіны. Дзейнічаў Мінфін у адпаведнасці з указам, якім вызначаны памер пазык на 2010-2011 гады ў суме 2 мільярды долараў. Летась, нагадаў Уладзімір Амарын, у рамках гэтых параметраў быў ажыццёўлены выпуск еўрааблігацый на 1 мільярд долараў.

Ігар Шчучэнка
Звязда 22 студзеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/857/3897
Текущая дата: 26.12.2024