Белорусский портал в Казахстане

Ці адбудзецца ў Маскве двухбаковая сустрэча Лукашэнкі і Мядзведзева, невядома



Сёння ў Маскве пройдуць перамовы кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюза і ЕўрАзЭС. Ці адбудзецца ў рамках саміта двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева, пакуль невядома.

Прэс-служба прэзідэнта Беларусі сустрэчу не анансуе. Калі такія перамовы адбудуцца, паведамленне для СМІ з\`явіцца ўжо па факце, заявіў БелаПАН кіраўнік прэс-службы Павел Лёгкі.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Маскву 8 снежня. У той жа дзень у падмаскоўным Нова-Агарова прайшлі перамовы прэм\`ер-міністраў Беларусі і Расіі. Як паведаміў журналістам прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, бакам не ўдалося дамовіцца па ўсіх спрэчных пытаннях і перамовы працягнуцца на ўзроўні экспертаў.

Асноўная супярэчнасць у расійска-беларускіх перамовах — пытанне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Масква заяўляе, што ў рамках фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Мытнага саюза гатова адмовіцца ад экспартных пошлін на нафту, калі Мінск пагодзіцца пералічваць у расійскі бюджэт вывазныя пошліны на нафтапрадукты ў поўным аб\`ёме. Беларускі бок такі варыянт не задавальняе.

У Маскве таксама заяўляюць, што ў выпадку ратыфікацыі да канца 2010 года пакета дакументаў па АЭП усімі трыма краінамі Мытнага саюза — Расіяй, Беларуссю і Казахстанам — пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь могуць стаць бяспошліннымі ў поўным аб\`ёме ўжо з 1 студзеня.

Як піша сёння расійскі "КоммерсантЪ", перамовы Пуціна з Сідорскім "закончыліся правалам", але "на думку экспертаў, расійскія перамоўшчыкі сустракаюцца з беларускімі з пазіцыі сілы — рана ці позна беларусы павінны прыняць умовы расіян".

Паводле звестак "Ъ", "беларусы гатовы былі пайсці на саступкі ў справе бяспошліннай пастаўкі расійскай нафты на прадпрыемствы Беларусі. Вядома, што цяпер Расія бяспошлінна гатова пастаўляць суседняй краіне 6,5 млн. тон нафты, а пасля ўваходжання Беларусі ў АЭП — і больш". "Аднак колькі — дагэтуль незразумела. Зразумела, што патрэбы беларускіх НПЗ, якія перапрацоўваюць расійскую нафту, што потым ідзе на экспарт, павінны быць задаволеныя, пажадана ў поўным аб\`ёме. Гэта зразумела перш за ўсё беларускім перамоўшчыкам", — адзначае выданне.

Па прагнозах аналітыкаў, пасля правальнай сустрэчы прэм\`ераў прэзідэнты Лукашэнка і Мядзведзеў наўрад ці будуць сёння абмяркоўваць гэтыя спрэчныя пытанні — вырашэнне вострых праблем яны, хутчэй за ўсё, пакінуць экспертам і ўрадам.

Як лічыць беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч, ніякіх канкрэтных і важных рашэнняў ад сустрэчы ў Маскве чакаць не варта. Асноўная мэта паездкі Лукашэнкі ў Маскву — прадэманстраваць напярэдадні выбараў, што ў беларуска-расійскіх адносінах будзе ўсё нармальна.

Што да магчымасці двухбаковай сустрэчы Лукашэнкі і Мядзведзева, то для беларускага кіраўніка прынцыповы сам яе факт, мяркуе эксперт. "Для Лукашэнкі гэта было б вельмі важна, але Мядзведзеў наўрад ці на гэта пагодзіцца", — лічыць палітолаг.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта РФ, сёння на пасяджэнні вышэйшага органа Мытнага саюза плануецца падпісаць тры пагадненні, якія фарміруюць нарматыўна-прававую базу АЭП, — аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы; аб прынцыпах валютнай палітыкі; аб стварэнні ўмоў на фінансавых рынках для забеспячэння свабоднага руху капіталу.

Акрамя таго, прэзідэнты маюць намер унесці змяненні ў пералік адчувальных тавараў, адносна якіх рашэнне аб змяненні стаўкі ўвазной мытнай пошліны прымае кансенсусам камісія МС. Плануецца таксама абмеркаваць мэтазгоднасць унясення змяненняў і дапаўненняў у дагавор аб камісіі МС.

Пасля заканчэння трохбаковай сустрэчы да прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі далучацца лідары астатніх краін ЕўрАзЭС і назіральнікі пры арганізацыі. На саміце ЕўрАзЭС кіраўнікам дзяржаў у фармаце "пяцёркі" неабходна падпісаць шэраг дакументаў.

Мінск 9 снежня 2010
БелаПАН



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/868/3184
Текущая дата: 26.12.2024