Белорусский портал в Казахстане

Узор для пераймання



Хваліцца беларускім эканамічным цудам, можа, пакуль і было б заўчаснасцю ды залішняй самаўпэўненасцю. Аднак відавочныя поспехі беларускай мадэлі развіцця некаторыя эксперты назіраюць ўжо цяпер.

Яе і абмеркавалі падчас першага "круглага стала" з цыкла "Новая стратэгія для Беларусі". Беларускую сацыяльна-эканамічную мадэль удзельнікі дыскусіі лічаць настолькі паспяховай, што яна нават становіцца, на іх думку, узорам для пераймання.

— Беларуская мадэль развіцця з`яўляецца ўнікальнай не толькі для нашага рэгіёна, але і, магчыма, часткова для ўсяго свету. Калі не браць вопыт цэнтральнаеўрапейскіх краін, якія інтэграваныя ў ЕС і атрымалі там велізарную падтрымку, але ў той жа час у значнай ступені страцілі свой суверэнітэт, то ў прынцыпе Беларусь за апошнія 20—30 гадоў з`яўляецца адзіным паспяховым прыкладам нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва, — перакананы Юрый ЦАРЫК, кіраўнік Беларускай групы развіцця, эксперт РГА "Белая Русь". — Менавіта ў Беларусі, дзе народ сваім розумам і з кіраўніцтвам, адданым інтарэсам народа, здзяйсняў будаўніцтва ўласнай краіны, гэты вопыт стаў удалым.

Бягучая электаральная кампанія праходзіць, паводле яго ўражанняў, у "наогул беспрэцэдэнтнай атмасферы — абсалютна свабоднай". І гэта звязана, на яго думку, "не столькі з выбарамі, гэта не столькі кан`юнктурная тэндэнцыя, колькі тэндэнцыя больш доўгатэрміновая, звязаная з трансфармацыяй палітычнай сістэмы і ростам ролі грамадскіх аб`яднанняў і палітычных партый у нашай краіне".

Аналагічныя трэнды выявіў і галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка", палітолаг, гісторык Вадзім ГІГІН:

— Мне ўяўляецца вельмі важным адзначыць тэндэнцыі да мадэрнізацыі дзейнай палітычнай сістэмы.

На яго погляд, "сістэма, якая ўсталявалася ў Рэспубліцы Беларусь з 1994 года, была дэмакратычнай; калі да некага з экспертаў гэтае ўсведамленне яшчэ не прыйшло, то непрадузяты аналіз гэта паказвае". Тым не менш, уплыў партый доўгі час быў мінімальны. Аднак апошнім часам ён рэзка павялічваецца. Палітолаг падкрэслівае ў гэтым ролю ўлады, якая зрабіла шэраг захадаў для актывізацыі палітычнага жыцця.

— Прадстаўнікоў палітычных партый ледзь не за руку вялі да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах 2008 года. Тады многія партыі паказалі свой сапраўдны твар, дэманстратыўна адмаўляючыся ад удзелу ў выбарах, — акцэнтуе спадар Гігін.

Годам пазней быў створаны Грамадска-кансультацыйны Савет пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Яго з`яўленне палітолаг ацэньвае як "вельмі важны крок, які паказаў гатоўнасць улады да дыялогу — у склад яго былі ўключаныя і прадстаўнікі апазіцыйных сіл".

У пацвярджэнне нарэшце і колькасныя электаральныя паказчыкі:

— Статыстыка па сёлетніх выбарах — і мясцовых, і прэзідэнцкіх — паказвае тэктанічныя змены ў актыўнасці палітычных партый і грамадскіх аб`яднанняў.

Палітолаг звярнуў увагу на тое, што сёлета кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў зарэгістравана ў тры разы больш прадстаўнікоў партый, чым на папярэдніх выбарах. Удзел у сёлетняй гонцы ўзяло 12 палітычных партый (у параўнанні з сямю на мінулых). Дэпутатамі было абрана 306 прадстаўнікоў палітычных партый — 1,5% ад агульнага складу. Здавалася б няшмат, аднак "калі ўлічыць, што на выбарах 2007 года гэта колькасць не дацягвала і да 1%, то гэта вельмі сур`ёзны рост", канстатуе эксперт.

Яшчэ больш істотны рост дэманструе актыўнасць палітычных партый на бягучых прэзідэнцкіх выбарах:

— Калі ў 2006 годзе ў склад выбаркамаў былі ўключаны 122 прадстаўнікі партый, то сёлета — 1760, такім чынам, рост у 14,5 раза, — заўважае В. Гігін.

Палітолаг назірае таксама істотныя змены ў беларускай палітычнай апазіцыі:

— Я б назваў гэты працэс дэградацыяй. На мой погляд, пасля прэзідэнцкіх выбараў павінна адбыцца істотнае кадравае, арганізацыйнае і ідэалагічнае абнаўленне беларускай апазіцыі, інакш яна асуджаная на поўнае паражэнне.

Праяўленая на бягучых выбарах лаяльнасць пры вылучэнні кандыдатаў, фарміраванні выбарчых камісій, на думку эксперта, паказвае, "што ўлада гатовая ісці на канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі, забяспечыць нармальны выбарчы працэс — для таго, каб людзі, калі ў іх ёсць праграмы, падтрымка выбаршчыкаў, траплялі ў тым ліку і ў органы ўлады". На яго погляд, парламенцкія выбары 2012 года пройдуць у атмасферы значна большай актыўнасці палітычных партый у нашай краіне. "І гэта цалкам упісваецца ў дзейную мадэль развіцця Рэспублікі Беларусь, якая складвалася ў нас з 1994 года", — рэзюмуе палітолаг.

А як выглядае беларуская мадэль развіцця на міжнароднай арэне?

— Поспехі ўсім відавочныя. Апошняя з ашаламляльных падзей — выступленне прэзідэнта Літвы перад пасламі ЕС. Адбыўся небывалы лавінападобны зрух знешняй палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Упершыню прэзідэнт адной з краін ЕС выказвае практычна безумоўную падтрымку Аляксандру Лукашэнку як галоўнаму кандыдату ў выбарчай кампаніі. Яшчэ два гады таму такое практычна не было магчыма. Аднак сусветны фінансавы крызіс, падзеі на Каўказе шмат што змянілі. І зрабілі многае для таго, каб беларуская мадэль развіцця стала запатрабаванай і прызнанай многімі краінамі свету, — заяўляе Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, доктар палітычных навук.

Навукоўца не выключае, што "праз год-два мы будзем гаварыць пра феномен пераймання беларускай эканамічнай мадэлі ў краінах, у тым ліку і Балтыі". А суседняя Украіна, паводле яго назіранняў, пачынае пераймаць ужо сёння, у прыватнасці, у знешняй палітыцы. І нават "у вельмі сур`ёзных заходніх эканоміках пачынаюць ад адчаю глядзець на любы вопыт, і той вопыт беларускага развіцця, які раней здаваўся абсалютна непрыдатным для краін ЕС, пачынае аналізавацца".

Палітолаг прыгадаў стратэгічнае партнёрства нашай дзяржавы з Кітаем, Венесуэлай. А нашым самым галоўным экспартным таварам у Венесуэлу, на думку палітолага, з`яўляецца якраз беларуская мадэль развіцця. "Менавіта тыя элементы, якія арыентаваныя на салідарнасць, сацыяльную справядлівасць, роўнасць, невялікі сацыяльны разрыў паміж самымі багатымі і самымі беднымі", — удакладняе эксперт. На яго погляд, гэта якраз тыя элементы, якія маюць найбольш сур`ёзную прывабнасць для Лацінскай Амерыкі, "і адной Венесуэлай гэты экспарт беларускай мадэлі развіцця не абмяжуецца". У той жа час ён лічыць карысным кітайскі вопыт: не знішчыць дзяржаўны сектар, а паралельна выбудаваць побач прыватны сектар.

Абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы і перспектывы ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Вадзім Гігін выказаў думку, што "паводле нашай мадэлі нам бы ўступаць у СГА, магчыма, і не варта было б, з іншага боку, мы наўрад ці зможам весці гандаль у шырокім маштабе, калі туды не ўступім".

— У СГА можна ўступіць, а можна і ўляпацца, — мяркуе Сяргей Кізіма.

На такую думку яго навялі прыклады Украіны і Кыргызстана, якія ўступілі ў СГА на шкодных для сябе ўмовах. Нагадвае палітолаг і пра тое, што Кітай змушаны закупляць тоны непатрэбнай яму амерыканскай кураціны, дзеля таго каб быць членам арганізацыі. Таму Беларусі, натуральна, неабходна дбайна разгледзець умовы ўступлення, якія павінны карэліраваць з нацыянальнай мадэллю развіцця.

Зоя Варанцова
Звязда

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/874/2683
Текущая дата: 15.11.2024