Белорусский портал в Казахстане

Заводы Беларусі рыхтуюцца да аварыйнага спыненьня вытворчасьці



Сёньня Расея абвясьціла пра пачатак абмежаваньня паставак газу ў Беларусь на 15%. У далейшым скарачэньне плянуецца давесьці да 85%. Гэткім чынам Расея патрабуе ад Беларусі выплаты запазычанасьці за газ у памеры 200 мільёнаў даляраў. Што ў такіх умовах стане зь беларускімі прадпрыемствамі, цалкам залежнымі ад расейскага газу?

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Кароткатэрміновае спыненьне ААТ "Гродна-Азот" пацягне буйныя страты

Адкрытае акцыянэрнае таварыства (ААТ) "Гродна-Азот" — адзін з найбуйнейшых спажыўцоў газу ў Беларусі. Прадпрыемства спажывае яго прыкладна 1.7 мільярда кубамэтраў ў год – гэта амаль 10% ад усяго газу, які прапампоўвае Беларусь.

Генэральны дырэктар "Гродна-Азоту" Ігар Жылін сказаў нашаму радыё, што на прадпрыемстве пільна сочаць за тым, ці адбудзецца скарачэньне паставак газу ў Беларусь.

Пакуль што з раніцы паніжэньня ціску пры падачы газу на вытворчасьць няма, але прадпрыемства, зь яго слоў, пераведзена на ручны рэжым кантролю за газавымі патокамі.

Жылін: "Зараз па ўсім прадпрыемстве аддадзены загад усім службам і дыспэтчару сачыць за ціскам газу і ў выпадку неабходнасьці буйную вытворчасьць аміяку паводле тэхнічнага рэглямэнту спыніць. Спрабаваць падтрымліваць працу ў мэтанольных цэхах, якія працуюць на нізкім ціску газу, а таксама ў цэхах капраляктаму".

Карэспандэнт: "Што азначае для вашага прадпрыемства аварыйнае спыненьне вытворчасьці?"

Жылін: "Спыніўшы вытворчасьць аварыйна, мы вымушаны будзем запускаць яе дастаткова доўга, ня меней як 6 сутак. А што такое 6 сутак для асноўных магутнасьцяў — гэта страта выпрацоўкі, страта прадукцыі на суму, ня меншую за 12 мільёнаў даляраў".

І гэта, са слоў спадара Жыліна, калі адбудзецца кароткатэрміновае спыненьне прадпрыемства — на 1—2 гадзіны. У выпадку доўгатэрміновага спыненьня, да прыкладу — на тыдзень, са слоў генэральнага дырэктара, завод мусяць паставіць на капітальны рамонт, і страты тады могуць прыняць зусім іншыя маштабы.

У сваёй практыцы спадар Жылін сустракаўся з падобнымі сытуацыямі, калі працаваў у 90-я гады на падобнай вытворчасьці ў Расеі, а "Газпрам" з-за даўгоў зьмяншаў ціск пры падачы газу на прадпрыемства. Зь яго слоў, для вытворцаў гэта былі жудасныя часы.

Таму зараз ён з трывогай чакае, як вырашыцца газавы канфлікт паміж Расеяй і Беларусьсю.

Жылін: "Я думаю, што ўсё ж да гэтага ня дойдзе, хацелася б не дапусьціць да гэтага. Але не ад нас гэта ўсё залежыць, а ад тых, хто сёньня там дамаўляецца. А мы сёньня, як кажуць, толькі стукаем па дрэве — дай Бог, каб дамовіліся".


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Альтэрнатыўныя варыянты — не падрыхтаваныя і не надзейныя

Кіраўніцтва газавага прадпрыемства Берасьцейшчыны спадзяецца на перамовы ў Маскве, а буйныя спажыўцы нават не разглядалі магчымасьць перабояў з пастаўкамі газу і не шукалі альтэрнатыў.

Цяплічны камбінат "Берасьце" на 100% залежыць ад газу. Тым ня менш пытаньне пра магчымыя скарачэньні паставак паліва кіраўніцтвам нават не разглядалася. Магчымасьці выкарыстаньня альтэрнатыўных крыніц энэргіі, як, напрыклад, мазуту на гідраэлектрастанцыі, тут вельмі абмежаваныя. Таму, паводле энэргетыка прадпрыемства Генадзя Макарэвіча, праблемы могуць узьнікнуць, а вырашыць іх будзе надзвычай складана:
калі будуць абмежаваньні паставак газу, на прадпрыемстве ўзьнікнуць праблемы ...

"Наша прадпрыемства спажывае даволі шмат газу. Перавесьці ўсё на мясцовую сыравіну немагчыма, бо гэта патрабуе і выдаткаў, і апэратыўнага кіраваньня сыстэмай ацяпленьня. Таму, калі будуць абмежаваньні паставак газу, на прадпрыемстве ўзьнікнуць праблемы".

Бярозаўская ГРЭС, адзін з найбольшых спажыўцоў расейскага газу, на сёньняшні дзень таксама працуе ў звычайным рэжыме. Пытаньні пра забесьпячэньне сыравінай дырэктар электрастанцыі Ўладзімер Семяняка параіў задаваць абласному кіраўніцтву Брэстэнэрга: "Як працавалі, так і працуем, ніякіх абмежаваньняў, пытаньняў, перасьцярогаў няма. Уся праца вядзецца ў звычайным рэжыме. Зьвяртайцеся па дадатковую інфармацыю ў Брэстэнэрга".

Дырэктар Брэстміжрайгазу Васіль Хвядчэня спадзяецца на перамовы, якія беларускі бок ініцыюе ў Маскве. Распараджэньняў пра пэўныя захады філіялы пакуль ад свайго кіраўніцтва не атрымлівалі: "Пакуль нават урад ня можа сказаць, якія захады неабходна рабіць і як будуць разьвівацца падзеі далей. Таму інфармацыя да мяне дойдзе фактычна са СМІ. А на гэты момант ніякіх афіцыйных дакумэнтаў не паступала".

Спажыўцы газу не адразу адчуюць недахоп. На сёньня забесьпячэньне газам Берасьця праводзіцца ў стабільным рэжыме. Згодна з тэхналягічнымі ўмовамі, толькі празь некалькі дзён могуць узьнікнуць праблемы, кажа дырэктар Брэстміжрайгазу:

"Нават калі зьменшана падача газу, усё роўна недахоп адчуецца не праз гадзіну ці дзьве. У трубе захоўваецца ціск. І ў залежнасьці ад забору, магчыма, толькі на трэція суткі адчуецца недахоп. Але гэта таксама залежыць ад таго, наколькі будуць абмежаваньні і якім чынам будзе адбывацца скарачэньне. Пабачым".

Некаторы час таму ў Берасьці ішлі размовы пра будаўніцтва геатэрмальнай станцыі, якая стала б для многіх прадпрыемстваў альтэрнатыўнай крыніцай энэргіі. Праўда, праекты так і застаюцца на паперы.


МАГІЛЁЎШЧЫНА

"Цэмэнтныя заводы спажываюць газ непасрэдна з трубы, запасаў энэргапрадукту няма"

У выпадку зьмяншэньня аб’ёмаў паставак газу ў Беларусь цэмэнтныя заводы Магілёўшчыны зьнізяць выраб сваёй прадукцыі.

На Магілёўшчыне два буйныя цэмэнтныя прадпрыемствы. У Касьцюковічах — Беларускі цэмэнтны завод, а ў Крычаве — цэмэнтна-шыфэрны. На абодвух вырабляецца да пяцідзесяці працэнтаў усяго беларускага цэмэнту. Наступствы ад зьмяншэньня паставак расейцамі газу альбо спыненьня іх наагул спэцыялісты прадпрыемстваў камэнтуюць стрымана. Спадзяюцца на хуткае вырашэньне канфлікту: "Узгадайце, і на Новы год былі заявы. Усё перажывем. Усё, што гавораць, — гэта палітычныя пытаньні. Мы пакуль працуем. Я мяркую, што ўсё вырашыцца. Ня можа ж быць, каб спынілі ўсю прамысловасьць. Мы газ з трубы спажываем. Запасу ў нас няма. Газ жа ў прынцыпе ніколі ня скончыцца ў трубе", — зазначыў у тэлефоннай гутарцы галоўны інжынэр Беларускага цэмэнтнага заводу Ігар Лажачнікаў.

Аптымістычна глядзіць на сытуацыю і ягоны калега з Крычаўскага цэмэнтна-шыфэрнага Аляксандар Баравікоў: "Калі справа да такога дойдзе, то тады так — будзем нешта вырашаць. Хаця гэта будзе надзвычай складана. Пакуль у нас праблемаў няма. Працуем у звычайным рэжыме на поўную магутнасьць. Я думаю, што ўсё вырашыцца станоўча — канечне ж".

Крычаўскі эканаміст Мікалай Гердзій зазначае, што ў сабекошце прадукцыі цэмзаводаў цана на газ складае да 45 працэнтаў: "Падвышэньне цаны на газ. Скарачэньне яго паставак, безумоўна, сур’ёзна ўдарыць па цане прадукцыі. Да нядаўняга часу цэмзавод адпускаў многім спажыўцам цэмэнт без перадаплаты, у доўг. Гэты доўг сягаў дужа вялікіх лічбаў. Прадукцыю выдавалі на будоўлі, а будаўнікі не разьлічваліся нават па старой цане".

Усяго ў Беларусі тры цэмэнтныя заводы. Агулам яны вырабляюць да двух мільёнаў тон цэмэнту, а таксама да 70 мільёнаў умоўных плітак асбэстацэмэнтных лістоў. Выраб прадукцыі апошнім часам год ад году толькі павялічвалі.

Акрамя цэмзаводаў, вялікі аб’ём газу спажываюць у вобласьці гіганты беларускай эканомікі — бабруйская "Белшына" і магілёўскае "Хімвалакно".

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Бяз газу "замерзьне" шкло

У 23 краіны сьвету прадае сваю прадукцыю ААТ "Гомельшкло". Акурат сёлетняй вясной на прадпрыемстве ўведзена ў эксплюатацыю новая тэхналягічная лінія па вырабе флаат-шкла магутнасьцю 780 тон у суткі.

Сучасная вытворчасьць дазволіла гамельчукам атрымліваць высакаякаснае паліраванае шкло.

Выраб шкла эўрапейскіх стандартаў зьвязаны з выкарыстаньнем прыроднага газу, які экспартуе Расея. Калі ўсходняя суседка моцна абмяжуе пастаўкі газу ў Беларусь з прычыны чарговага газавага канфлікту, "Гомельшкло" можа страціць унікальную вытворчасьць.

Апавядае тэхнічны прадстаўнік прадпрыемства:
Калі мы яго ня зможам мець, то проста "замарозім" 2 тысячы тон шкламасы, якая знаходзіцца ў печы. Яе потым немагчыма будзе разагрэць ...

"У нас бесьперапынная вытворчасьць, і шклапеч пастаянна знаходзіцца пад пэўнай тэмпэратурай — паўтары тысячы градусаў. Дзеля гэтага выкарыстоўваем прыродны газ. Калі мы яго ня зможам мець, то проста "замарозім" 2 тысячы тон шкламасы, якая знаходзіцца ў печы. Яе потым немагчыма будзе разагрэць".

Паводле адмыслоўца, гэта прывядзе да непамерных выдаткаў: "Прыйдзецца поўнасьцю разьбіраць печ. Вялізарныя грошы. Атрымаецца так: мы толькі пабудавалі новую печ, і, па сутнасьці, прыйдзецца рабіць усё нанова".

21.06.2010 15:32
Радыё Свабода


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/892/1122
Текущая дата: 25.11.2024