Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: Еўропа лішні раз пераканалася, што на Расію спадзявацца абсалютна нельга



"Еўропа лішні раз пераканалася, што трэба шукаць больш інтэнсіўна альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны, што на Расію спадзявацца абсалютна нельга", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю тэлеканалу "Еўраньюс", каментуючы вынікі чарговага газавага канфлікту.

"Газ — гэта прычына, — лічыць Лукашэнка. — Яны гавораць, што гэта спрэчка гаспадарчых суб`ектаў. Якая ж спрэчка, калі пасля сустрэчы з Мядзведзевым мы дамовіліся, што ён разбярэцца ва ўсіх пытаннях, у тым ліку і ў газавых, нафтавых, па пошлінах і г.д., патэлефануе мне, скажа вынік. Праз два дні бачу сюжэт з фільма, некалькі кадраў. Сядзіць Мядзведзеў, сядзіць Мілер. І ён яму дае ўказанне, усё ж гэта зрэжысавана было: ультыматум, пяць дзён, заплаці. Як жа заплаціць за пяць дзён, калі вы нам больш павінны? Чаму не плаціце? Гэта значыць не было прычыны для канфлікту. Абсалютна не было прычыны. Яны павінны былі заплаціць 260 млн., мы б ім пералічылі адразу 187 млн."

Адказваючы на пытанне, ці надышоў час павярнуцца на 180 градусаў і ступіць на шлях еўрапейскай інтэграцыі, Лукашэнка заявіў: "Па-першае, вялікая палітыка не церпіць ніякіх разваротаў, рэзкіх разваротаў — тым больш. Па-другое, давайце будзем аб`ектыўныя. Нас што, у Еўропе чакаюць? У Еўропе сёння столькі праблем з гэтымі 27 дзяржавамі, што ім сёння не да Беларусі, не да Украіны і не да іншых. У гэтым плане не хачу сказаць, што ў нас, у Беларусі, не любяць Еўропу, не разумеюць, не жадаюць жыць, як у Еўропе. Не, гэта прысутнічае. Але нашы людзі хочуць жыць у сваёй краіне. Нікуды не будзем паварочваць і разварочвацца, мы застанёмся на сваім лапіку зямлі. Мы будзем жыць тут, не ствараючы нікому ніякіх праблем, нашым суседзям найперш. А наш сусед, з аднаго боку Расія, з другога боку — Еўрапейскі саюз. І мы ніколі праблем гэтых не стваралі, калі нас не спрабавалі нахіліць, калі нас не спрабавалі сілай прымусіць да вырашэння нейкіх праблем і нейкіх пытанняў".

Фрагменты інтэрв`ю Лукашэнкі былі паказаны ў рамках адмысловай праграмы "Еўраньюс", прысвечанай газаваму канфлікту (пазіцыю расійскага боку агучыў афіцыйны прадстаўнік "Газпрома" Сяргей Купрыянаў). Гутарку, запісаную 24 чэрвеня, вёў супрацоўнік "Еўраньюс" Аляксей Доваль, які ў свой час пачынаў працаваць у Беларусі спартыўным журналістам. Больш поўную версію інтэрв`ю пакажа вечарам 26 чэрвеня Першы канал Беларускага тэлебачання.

26.06.2010     Дзмітрый Уласаў, БелаПАН 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/895/1221
Текущая дата: 27.12.2024