Белорусский портал в Казахстане

Афіцыйны Менск знайшоў 200-мільённы доўг "Газпрома"



Сёньня ў Пецярбургу пачаліся перамовы паміж "Газпромам" і афіцыйным Менскам адносна амаль 200-мільённага доўгу за газ, які патрабуе ад Беларусі Расея.

Адносна вынікаў перамоваў афіцыйны прадстаўнік "Газпрому" Сяргей Купрыянаў сказаў карэспандэнту "Свабоды":

"Пакуль вядома толькі, што яны адбыліся. Будзем далей размаўляць. Перамовы працягнуцца можа сёньня, а можа заўтра".

Пакуль старшыня праўленьня "Газпрому" Аляксей Мілер і міністар энэргетыкі Беларусі Аляксандар Азярэц вялі газавыя перамовы, расейскія мэдыі перадалі шэраг заяваў. Яны тычыліся сустрэчных прэтэнзій і пагрозаў афіцыйнага Менску. На першым канале беларускага тэлебачаньня першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец заявіў:
За транзыт на сёньняшні дзень "Газпром" вінаваты фактычна адэкватную суму ...

"За транзыт на сёньняшні дзень "Газпром" вінаваты фактычна адэкватную суму. Але не аплачвае. Па нашых разьліках гэта крыху больш за 200 мільёнаў даляраў".

На гэтым фоне, паводле спадара Таўпянца, тэлеграмы і ўльтыматумы "Газпрома" абуральныя. Ён абвінаваціў "Газпром" у "грубейшым парушэньні кантракту" і папярэдзіў, што абмежаваньні паставак газу ў Беларусь "могуць закрануць і пытаньні транзыту".

Міністар энэргетыкі Расеі Сяргей Шматко заявіў, што ня можа паверыць, што "гэта адказная заява адказнага чалавека". Ён сказаў, што Расея задзейнічае міжнародныя прававыя мэханізмы раньняга папярэджаньня, якія існуюць паміж Расеяй і Эўразьвязам, ў выпадку пагрозы транзыту энэргарэсурсаў праз Беларусь. А першы віцэ-прэм`ер Расеі Віктар Зубкоў, які ўзначальвае савет дырэктараў "Газпрому", заявіў, што Беларусь не падавала дакумэнтаў па запазычанасьці за транзыт газа. Маўляў, расейскі бок прад`яўляе дакумэнты, а беларускі толькі словы. Віцэ-прэм`ер Расеі Ігар Сечын заявіў, што Расея можа падаць пазоў у суд на беларускі бок адносна газавых даўгоў. Паводле Сечына, афіцыйны Менск у аднабаковым парадку вызначыў для сябе права прызначаць цану за транзыт. Ён адзначыў, што "Газпром" не пагаджаецца і мае рацыю. Прадстаўнік "Газпрому" Сяргей Купрыянаў адносна сустрэчных прэтэнзій Менску сказаў карэспандэнту "Свабоды":

"Нічога не гаворым. Мы цяпер размаўляем з нашымі беларускімі калегамі".


У праграме навінаў Першага беларускага тэлеканалу назвалі цяперашнія прэтэнзіі расейскага боку "кактэйлем Пуціна" – "грымучай сумесьсю газа і палітыкі, дзе дзяржаўны апарат выкарыстоўваецца як шырма для рэйдэрскіх захопаў уласнасьці ў іншых краінах". Прычым гэты кактэйль, маўляў, вырашылі прымяніць 22 чэрвеня, у дзень пачатку вайны, "нібыта дэманструючы непрыкрытую агрэсію сваіх намераў".

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, цяжка сказаць адкуль узяўся сустрэчны доўг, які налічыў афіцыйны Менск за транзыт:

Леанід Злотнікаў
"Трэба было не заключаць кантракт. Калі кантракт ужо падпісаны, то фармальна, юрыдычна Масква мае рацыю. І тут спрачацца няма аб чым. Гэта трэба плаціць. Калі ж Масква нешта не заплаціла за транзыт, то гэта ўжо іншая справа. І калі Масква нешта не даплаціла, няхай таксама плаціць. Але ж ужо тры гады праводзіцца палітыка Расеі па пераводу стасункаў ад братэрскіх да партнэрскіх. І тут Расея ня будзе адступаць".

Паводле расейскага боку, Беларусь плаціць за газ не па кантракту, а па ўстаноўленай ёй у аднабаковым парадку цане. 15 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў даў Беларусі пяць дзён для пагашэньня запазычанасьці. "Газпром" заявіў, што, калі зь Менску не паступяць грошы, то ад 21 чэрвеня пастаўкі газу ў Беларусь будуць скарочаныя на 85%. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў паводзіны расейскага прэзыдэнта "недапушчальнымі". Паводле А.Лукашэнкі, вядуцца перамовы і з пункту гледжаньня беларускага боку, "ніякага доўга няма".

Радыё Свабода 19.06.2010 Алесь Дашчынскі


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/896/1098
Текущая дата: 27.12.2024