Сёлета Ханука прыпадае на 2-9 снежня, але пачынаецца свята ўвечары 1 снежня, менавіта тады запальваецца першая ханукальная свечка. Потым свечкі будуць запальвацца ва ўзрастаючым парадку кожны дзень свята, так што на восьмы дзень будуць гарэць ўсе восем.
"Свечкі ў Хануку служаць крыніцай духоўнага святла і не прызначаны для асвятлення памяшканняў, — тлумачыць піяр-менеджар Мінскага яўрэйскага абшчыннага дома Валянціна МАРОЗ. — Іх усталёўваюць ля акна або дзвярэй, якія выходзяць на вуліцу, каб святло агнёў мог убачыць кожны".
У разгар свята, 5 снежня, у Мінску, у Палацы культуры Прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25), адбудзецца гала-канцэрт VІІ фестывалю яўрэйскай музыкі "Ханука-2010/5771". У ім возьмуць
удзел лепшыя творчыя калектывы яўрэйскай абшчыны Беларусі і госці фестывалю — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева і Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі".
Вольга Мядзведзева
Звязда
1 снежня 2010