Белорусский портал в Казахстане

У Беларусь на творчую стажыроўку прыехалі суайчыннікі з дзевяці краін свету



Ужо стала добрай традыцыяй, што ў Мінску некалькі разоў на год ладзяцца творчыя стажыроўкі для беларусаў з-за мяжы. Гэтую ініцыятыву актыўна падтрымлівае Міністэрства культуры.

На гэты раз у нашу краіну завітала 28 беларусаў з 9 краін свету. Большасць з іх, 16 чалавек, з Расійскай Федэрацыі: Санкт-Пецярбурга, Самары, Валгаграда, Іркуцка, Томска, Петразаводска (Рэспубліка Карэлія), Нальчыка (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка). Дэлегацыяй прадстаўлена і Прыбалтыка: Латвія, Літва і Эстонія. Ёсць актывісты беларускіх суполак з Арменіі, Крыма і нават Украіны. Сярод найбольш далёкіх краін, адкуль прыехалі госці, значацца Аргенціна і Іарданія. Яны прыехалі спасцігаць беларускую аўтэнтыку і знаёміцца з жыццём нашых сучаснікаў



«Беларусы — людзі са знакам якасці, якія ўмеюць працаваць, адпачываць, дарыць радасць, добры настрой навакольным. У нас вельмі глыбокія карані і вялікая гісторыя. Мы ганарымся сваёй культурнай спадчынай, і важна, што мы адкрытыя для ўсяго свету. Тут заўсёды рады бачыць гасцей, якія прыязджаюць з добрымі намерамі», — сказаў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч падчас сустрэчы ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

«Нашы беларускія калегі з задавальненнем адгукаюцца на прапанову паўдзельнічаць у мерапрыемствах стажыроўкі, і мы не абмяжоўваемся сталічнымі ўстановамі культуры. Гэта праграма дае магчымасць паглядзець на глыбінныя працэсы, якія адбываюцца ў сферы культуры ў беларускіх рэгіёнах. Упэўнены, нашы калегі, пабываўшы ў чарговы раз на беларускай зямлі, пераканаюцца ў нашай гасціннасці. Возьмуць лепшы вопыт, які будуць прымяняць там, дзе зараз жывуць», — адзначыў ён. Прадстаўнікі беларускай дыяспары атрымалі з рук міністра культуры ўзнагароды. 

На думку Вольгі Антоненка, дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і арганізатара мерапрыемства, сімвалічна, што на гэты раз стажыроўка стартавала ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наведаліся госці і ў Нацыянальную бібліятэку. Там яны пазнаёміліся з экспанатамі Рэспубліканскай выставы сучаснага традыцыйнага мастацтва «Жывыя крыніцы». У бліжэйшыя дні арганізатары намерваюцца паказаць гасцям культурныя здабыткі Гомельшчыны: беларусы замежжа пабываюць у Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, Стаўбунскім сельскім доме культуры і Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва. 

Супляменнікі, што імкнуцца патрапіць на творчыя стажыроўкі ў Беларусь з іншых краін, — добра дасведчаныя ў культурных стасунках людзі. Многія з іх не толькі кіруюць грамадскімі аб’яданнямі беларусаў за мяжой, але і ўзначальваюць там беларускія непрафесійныя калектывы мастацкай творчасці. Таму на Радзіме яны з задавальненнем спасцігаюць беларускія традыцыі, абрады, песні, танцы, наведваюць майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Праграма, якая ім прапаноўваецца, заўсёды адрозная ад папярэдняй. 

Ганна Лагун
Звязда, 5 красавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/2/64433
Текущая дата: 15.11.2024