Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі нацэлены выпрацаваць новыя рашэнні для падтрымкі ініцыятыў беларусаў замежжа



Аб гэтым міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў 19-га лістапада на пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры МЗС Беларусі па справах беларусаў замежжа.

Фармат такіх сустрэч у беларускім знешнепалітычным ведамстве ўжо стаў традыцыйным. Але, як адзначыў Уладзімір Макей, у мінулым годзе арганізатары былі вымушаны прапусціць пасяджэнне: паўплывала пандэмія каранавіруса і звязаныя з ёй абмежаванні на паездкі і сустрэчы.

"Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, мы нацэлены выпрацаваць новыя рашэнні для падтрымкі ініцыятыў і правядзення сумесных мерапрыемстваў з беларусамі замежжа", - падкрэсліў міністр.

У пасяджэнні Кансультатыўнага савета прынялі ўдзел кіраўнікі беларускіх арганізацый за мяжой, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый.

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі вынікі сумеснай работы і перспектывы далейшага супрацоўніцтва, а таксама грамадска-палітычнае жыццё ў краіне.

Уладзімір Макей канстатаваў, што савет з`яўляецца важнай пляцоўкай для абмеркавання пытанняў узаемадзеяння дзяржавы і дыяспары. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што дзяржава прадоўжыць аказваць падтрымку суайчыннікам у папулярызацыі беларускай мовы і культуры за мяжой, у дзейнасці па захаванні нацыянальных традыцый і духоўных каштоўнасцей.

19 лістапада 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/3/61703
Текущая дата: 15.11.2024