Белорусский портал в Казахстане

Кіраўніцтва "Беларускага дома" растлумачыла просьбу да сайта "Хартыя`97" вызваліць памяшканне ў Варшаве



Кіраўніцтва "Беларускага дома" ў Варшаве выступіла 3 мая з заявай у сувязі з публікацыяй матэрыялу на партале charter97.org пад назвай "КГБ атакует?".

Сайт "Хартыя`97" 2 мая атрымаў ліст "Беларускага дома" з просьбай цягам двух-трох дзён вызваліць памяшканні, якія займае рэдакцыя. У публікацыі "КГБ атакует?" прадстаўнікі "Хартыі`97" выказалі здагадку, што гэтая просьба — правакацыі беларускіх спецслужбаў.

Пасля гэтага "Беларускі дом" прыняў заяву, у якой адзначаецца, што ад пачатку заснавання ў 2011 годзе "Беларускі дом" і фонд "Хартыя`97" маюць два асобныя офісы. Офіс БД знаходзіцца па адрасе вул. Вейска, 13/3, а офіс і рэдакцыя фонду "Хартыя`97" па адрасе вул. Маршалкоўска, 55/73.

Паводле заявы, фонд "Хартыя`97" мае вялікае памяшканне ў Варшаве на вуліцы Маршалкоўскай, якое ў 2012 годзе дапамог знайсці для рэдакцыі сайта "Хартыя`97" менавіта "Беларускі дом".

Рэдакцыя партала "Хартыя`97" заўжды знаходзілася і працавала менавіта ў гэтым памяшканні на Маршалкоўскай. "Беларускі дом" просіць кіраўніцтва фонду "Хартыя`97" вызваліць адзін пакой, які быў на працягу пяці гадоў бясплатна прадстаўлены для працы некалькіх супрацоўнікаў фонду "Хартыя`97" у "Беларускім доме" ў Варшаве на Вейскай, 13/3.

"Беларускі дом" зазначае, што застаецца адкрыты для супрацоўніцтва з усімі дэмакратычнымі беларускімі грамадскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку з фондам "Хартыя`97" і парталам charter97.org.

"Рашэнне праўлення "Беларускага дома" прынятае ў сувязі з пашырэннем статутнай дзейнасці арганізацыі, і мы больш не можам прадстаўляць частку памяшкання БД на патрэбы фонду "Хартыя`97", — тлумачыцца ў заяве.

Пры гэтым кіраўніцтва "Беларускага дома" падкрэслівае, што не супрацоўнічае з беларускім КДБ і іншымі спецслужбамі іншых дзяржаваў.

"Мы лічым безвыніковым любы знешні ціск на ўнутраныя рашэнні "Беларускага дома" і перакананыя, што ўмяшанні ў справы незалежнай няўрадавай арганізацыі з`яўляюцца непрымальнымі", — адзначаецца ў заяве.

Фонд "Беларускі дом" — гэта грамадская арганізацыя, зарэгістраваная ў 2012 годзе ў Польшчы, якая дзейнічае на падставе польскага заканадаўства "Аб фундацыях" і ўласнага статута. Мэта "Беларускага дома" ў Варшаве — дэмакратычнае, адкрытае, транспарэнтнае развіццё беларускага грамадства, грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і беларускай дыяспары ва ўсім свеце, а таксама дзейнасць на карысць развіцця шматбаковых беларуска-польскіх і беларуска-еўрапейскіх стасункаў.

"Беларускі дом" у Варшаве ўзначальваюць Алесь Зарамбюк і Уладзімір Кобец.

БелаПАН
Мінск, 3 мая 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/4/39223
Текущая дата: 15.11.2024