Белорусский портал в Казахстане

У Палаце прадстаўнікоў з`явіцца рабочая група па справах беларусаў замежжа, у яе ўвойдуць дэпутаты Марзалюк і Анісім



Пра гэта паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з`явіцца рабочая група па справах беларусаў замежжа. Рашэнне аб яе стварэнні прынятае 7 снежня на пасяджэнні савета Палаты прадстаўнікоў.

Працоўную групу ўзначаліць старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, гісторык Ігар Марзалюк. З боку Палаты прадстаўнікоў у яе склад увойдуць дэпутаты Вольга Папко, Валянціна Ражанец і старшыня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алена Анісім. Да іх таксама далучацца члены Савета Рэспублікі.

У прэс-службе нагадалі, што ў 2014 годзе быў прыняты закон "Аб беларусах замежжа". Адпаведны законапраект быў падрыхтаваны Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам культуры пры ўдзеле іншых міністэрстваў і ведамстваў. Дакументам рэгулюецца парадак аднясення асоб да беларусаў замежжа, а таксама рэгламентуюцца меры іх дзяржаўнай падтрымкі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 7 снежня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/4/41550
Текущая дата: 15.11.2024