Такое рашэнне прынялі дэлегаты праведзенага 22 траўня ў Маскве з`езда арганізацыі.
Старшынёй савета грамадскай арганізацыі "Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі" (ФНКА) выбраны заслужаны дзеяч навукі Расіі, тройчы лаўрэат дзяржпрэмій Расіі, прафесар Сяргей Кандыбовіч.
"ФНКА зробіць усё магчымае, каб яшчэ больш паважліва ставіцца да захавання беларускай культуры і традыцый", - сказаў Сяргей Кандыбовіч журналістам пасля свайго выбрання. Ён адзначыў, што арганізацыя канцэнтруецца таксама на пытаннях міжнацыянальнай згоды. "Беларусам у Расіі жыць камфортна, да беларусаў ставяцца тут як да надзейных партнёраў", - заўважыў ён.
Ранейшы кіраўнік арганізацыі пісьменнік Валерый Казакоў паведаміў, што застанецца ў арганізацыі ў якасці першага намесніка старшыні савета ФНКА. "Я перадаю арганізацыю дасведчанаму, талковаму чалавеку, але самае галоўнае, чалавеку, які дбае аб сваёй справе", - сказаў Валерый Казакоў. Ён дадаў, што пакідае свайму пераемніку зладжана працуючую арганізацыю, у якую ўваходзіць больш за 30 структур.
У з`ездзе прынялі ўдзел дэлегаты ад 10 рэгіянальных і 17 мясцовых аўтаномій беларусаў. Акрамя старшыні яны выбралі таксама савет ФНКА у складзе 36 чалавек.
Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі заснавана 2 красавіка 1999 года, зарэгістравана Мінюстам Расіі 6 жніўня 1999 года. Асноўнымі задачамі арганізацыі з`яўляюцца: садзейнічанне захаванню і развіццю беларускай мовы, традыцый, нацыянальнай культуры беларускага народа; садзейнічанне рэалізацыі і абароне канстытуцыйных правоў і свабод, нацыянальнай годнасці; садзейнічанне барацьбе з нацыяналізмам ва ўсіх яго формах і праявах; садзейнічанне развіццю супрацоўніцтва і ўзаемаразумення з іншымі нацыянальнымі аб`яднаннямі, дзеючымі на тэрыторыі Расіі і за мяжой; каардынацыя дзеянняў аб`яднанняў - членаў аўтаноміі, а пры неабходнасці - прадстаўніцтва і абарона іх інтарэсаў у органах дзяржаўнай улады.
З`езд ФНКА з`яўляецца вышэйшым органам арганізацыі, ён выбірае старшыню і савет аўтаноміі, якія арганізуюць яе работу ў перыяд да чарговага з`езда.
Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, у Расіі пражывае 520 тыс. беларусаў, гэта самая вялікая беларуская дыяспара ў свеце.
22 мая 2015, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА
22 мая 2015, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/5/31108
Текущая дата: 15.11.2024