Белорусский портал в Казахстане

Памёр дзяяч дыяспары Юрка Станкевіч



7 жніўня ў Празе ва ўзросьце 86 гадоў памёр дзяяч беларускай дыяспары Юрка Станкевіч.

Юрка Станкевіч нарадзіўся ў Вільні ў сям’і вядомага беларускага дзеяча Янкі Станкевіча і чэшкі Марыі Новакавай. На інжынэра вывучыўся ў ЗША, дзе пазьней і працаваў, атрымаў грамадзянства. На пэнсію пераехаў у Прагу. Сябра Рады БНР, заснавальнік суполкі «Пагоня». Сузаснавальнік і галоўны рэдактар адзінага ў сьвеце часопіса пра Беларусь па- ангельску Belarusian Review, выдае таксама электронны часопіс Крывія. Запачаткаваў дзейнасьць у Празе беларускай клюбоўні, якую падтрымлівае фінансава. Новае памяшканьне, адрамантаванае талакой, адкрываецца да Дня Волі. Напісаў падручнік па гісторыі Беларусі для беларускіх школ за мяжою, уклаў беларускую чытанку. Арганізатар беларускай нядзельнай школы ў Празе.

Блізкі сябра Юркі Станкевіча Віталь Цімошчанка, бізнэсовец, актывіст беларускай дыяспары ў Чэхіі, сябра суполкі «Пагоня» згадвае пра Юрку.

Цімошчанка: Спадар Юрка быў сэрцам беларускай Прагі. Вакол яго гуртаваліся беларусы ўжо шмат гадоў. Гэта быў чалавек, які ахвяраваў усё сваё жыцьцё беларушчыне і беларускай справе: ён выдаваў падручнікі, слоўнікі, займаўся адукацыйнай справай, сам за свае сродкі вучыў дзяцей. Мы згубілі зараз аднаго з самых выбітных беларусаў, якія жылі ў Празе.

Дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША, дырэктар Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель наступным чынам адгукнуўся на адыход свйго сябра:

Кіпель: Юрка Станкевіч — гэта частка майго пакаленьня. Пакаленьня людзей якія перажылі Другую сусьветную вайну і апынуліся на Захадзе. Нашым заданьне было — нечым служыць беларускаму грамадзтву і нешта зрабіць для Беларусі. Ён служыў беларускаму грамадзтву перш за ўсё арганізоўваючы школы і розныя калектывы грамадзкага профілю. І гэта быў ягоны ўклад у справу адраджэньня Беларусі. Вечная памяць.

Радыё Свабода, 7 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/6/27048
Текущая дата: 15.11.2024