Белорусский портал в Казахстане

ІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе ў Мінску 12-14 верасня ў час святкаванняў, прымеркаваных да Дня горада



Аб гэтым паведамілі ў Мінгарвыканкаме.

Форум збярэ амаль 250 суайчыннікаў з 18 краін - Аргенціны, Бельгіі, Арменіі, Германіі, Казахстана, Іспаніі, Кыргызстана, Італіі, Малдовы, Мексікі, Літвы, Латвіі, Расіі, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швейцарыі і Францыі.

Многія з творчых калектываў, а таксама некаторыя выканаўцы ўжо не раз бывалі і выступалі ў Беларусі. Іншыя - прыедуць упершыню. Перад слухачамі выступяць піяніст Міхаіл Юркоў з Францыі, спявачка Вольга Сотнікава-Рамас з Мексікі. Адкрыццямі для публікі стануць выступленні творчай вакальнай групы іспанцаў, якія спяваюць на беларускай мове і захоўваюць традыцыі беларускай народнай творчасці, а таксама маладой групы з французскага Ліёна - ансамбля "Славянская душа". У рэпертуары калектыву - беларускія, рускія, украінскія песні, французская музыка.

З творчымі дасягненнямі суайчыннікаў, якія жывуць у іншых краінах, 12 верасня змогуць азнаёміцца жыхары невялікіх гарадоў і аграгарадкоў Мінскай вобласці. У суботу і нядзелю яны будуць радаваць жыхароў і гасцей сталіцы ў час канцэрта-падарунка гораду Мінску на адкрытай пляцоўцы ля Палаца спорту і ў Белдзяржфілармоніі.

Спецыяльна да фестывалю ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца фотавыстаўка "Мы - беларусы" аб дзейнасці беларускіх аб`яднанняў за мяжой. Таксама адбудзецца адкрыццё экспазіцыі твораў мастакоў з ліку беларусаў замежжа, персанальнай выстаўкі карцін Вольгі Гуськовай з Бельгіі і выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў замежжа з Расіі і Польшчы.

Для ўдзельнікаў форуму прадугледжана экскурсійная праграма, напрыклад, наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і прагулкі па гістарычных кутках Мінска. Акрамя таго, у час фестывалю пройдзе пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Мінкультуры Беларусі.

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2011 годзе ў Мінску і Віцебску. У ім прынялі ўдзел амаль 250 суайчыннікаў з 12 краін.

9 верасня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/6/27478
Текущая дата: 15.11.2024