Белорусский портал в Казахстане

“Бацькаўшчына” просіць МЗС Беларусі патлумачыць прычыны анулявання візы Яўгену Вапу



У сувязі з ануляваннем уязной візы ў Беларусь старшыні ўправы “Радыё Рацыя” і галоўнаму рэдактару Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўгену Вапу Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася ў МЗС Беларусі з просьбай патлумачыць прычыны прынятага рашэння.

Нагадаем, Яўген Вапа з’яўляецца сябрам Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына” і менавіта па запрашэнні “Бацькаўшчыны” ён атрымаў службовую візу для ўезду ў Беларусь. 23 траўня пры перасячэнні беларускай мяжы беларускія памежныя службы анулявалі візу Яўгену Вапу, не пусціўшы такім чынам на тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым яму паведамілі, што пра прычыны такога рашэння можна даведацца ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Варшаве. Аднак беларускае пасольства адмовілася назваць гэтыя прычыны.

У лісце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, накіраваным на імя міністра замежных спраў Беларусі, падкрэсліваецца, што Яўген Вапа з’яўляецца актыўным грамадскім дзеячам беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, старшынёй Беларускага саюза ў Польшчы. Шмат у чым дзякуючы яго дзейнасці беларуская меншасць у Беласточчыне захавалася і актыўна дзейнічае на грамадска-культурнай ніве.

“Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звяртаецца ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з настойлівай просьбай патлумачыць прычыны анулявання ўязной візы сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Яўгену Вапу”, - гаворыцца ў лісце.

Таксама Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў адпаведным лісце праінфармавала Міністэрства культуры Беларусі аб ануляванні візы Яўгену Вапу, падкрэсліўшы, што Яўген Вапа з’яўляецца членам Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Не маючы візы ён не зможа ўзяць удзел ў пасяджэнні Кансультатыўнага савета, запланаваным на 9 ліпеня 2011 года. І выказала просьбу аказаць спрыянне ў высвятленні прычынаў анулявання візы Яўгену Вапу і па магчымасці прыняць пэўныя захады з тым, каб рашэнне аб ануляванні візы было адменена.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
20 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-403/8/6785
Текущая дата: 15.11.2024