Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Украіна дамовіліся аб зняцці бар`ераў у гандлі



Пра гэта паведаміў намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка па выніках пасяджэння міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

"Напярэдадні пасяджэння і ў час яго мы дамовіліся аб зняцці некаторых бар`ераў, якія заставаліся паміж Беларуссю і Украінай. Мы выпрацавалі схему, як не дапускаць такіх бар`ераў на стадыі іх утварэння і як вырашаць пытанні, калі яны з`яўляюцца", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

У прыватнасці, удалося вырашыць праблемныя пытанні з пастаўкамі беларускага цэменту ва Украіну. За апошнія два гады яго экспарт ва Украіну значна ўпаў. Для выпраўлення гэтай сітуацыі ва Украіне карэкціруюцца некаторыя нарматыўныя дакументы. Гэта дасць магчымасць пазбягаць фармальных абмежаванняў, на першы план выйдзе канкурэнтаздольнасць беларускага прадукту па цане і якасці, удакладніў Уладзімір Сямашка.

Знята таксама абмежаванне па пастаўках рэактыўнага паліва для запраўкі самалётаў - яно дзейнічала амаль паўгода. "Для Украіны гэта будзе важна, таму што стабілізуе рынак і нават крыху знізіць цэны", - растлумачыў віцэ-прэм`ер.

Беларусь і Украіна дамовіліся таксама скласці дарожную карту, дзе будуць вызначаны тэрміны і выканаўцы канкрэтных мерапрыемстваў.

Краіны разлічваюць у бліжэйшыя гады вярнуцца да пікавага тавараабароту ў памеры $8 млрд, які быў дасягнуты ў 2012 годзе. У гэтым годзе ў студзені-верасні тавараабарот вырас на 10 працэнтаў да $2,8 млрд.

Ключавым напрамкам супрацоўніцтва стане прамысловая кааперацыя. Ва Украіне ўжо створана 6 зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі (трактары МТЗ, камбайны "Гомсельмаш", ліфты "Магілёўліфтмаш", грузавая тэхніка і тралейбусы МАЗ).

"На зборачных вытворчасцях мы павінны дасягнуць высокага ўзроўню лакалізацыі - да 50 працэнтаў, каб гэта было цікава вытворцу і ва Украіне, і ў Беларусі.

Калі размова ідзе аб прасоўванні беларускай тэхнікі ва Украіне, то трэба ўкласці грошы ў сэрвіснае абслугоўванне. У рэшце рэшт, трэба прапанаваць выгадныя фінансавыя схемы для ўкраінскіх пакупнікоў", - дадаў віцэ-прэм`ер.

Ступень лакалізацыі зборачных вытворчасцей ва Украіне вар`іруецца ў дыяпазоне ад 15 працэнтаў да 70 працэнтаў па розных відах тэхнікі.

"У Беларусі і Украіны абсалютнае разуменне, што і як рабіць. Усе дасягнутыя за апошнія два гады дамоўленасці, нават не замацаваныя на паперы, мы абавязкова выконваем", - рэзюмаваў Уладзімір Сямашка.

10 лістапада 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/104/37681
Текущая дата: 15.11.2024