Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і В`етнам стварылі задзел для дасягнення тавараабароту $500-700 млн у год.



Такое меркаванне выказаў 8 снежня ў размове з журналістамі віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, добрую аснову для нарошчвання гандлёва-эканамічных адносін заклалі падпісаныя на Беларуска-в`етнамскім бізнес-форуме кантракты і пагадненні. У прыватнасці, ён спыніўся на дакументах, падпісаных МАЗ. У Ханоі сёння былі заключаны кантракты на пастаўку 100 адзінак самазвалаў МАЗ на агульную суму больш як $3 млн і аўтобусаў МАЗ на $700 тыс.

Падпісана таксама пагадненне аб стварэнні зборачнай вытворчасці МАЗ з в`етнамскай карпарацыяй ТМТ Motor. В`етнамскі бок лічыць, што гэта вельмі надзейная тэхніка, асабліва для сельскай мясцовасці, і яна добра сябе зарэкамендавала яшчэ ў савецкі час.

Уладзімір Сямашка расказаў, што 9 снежня ў яго адбудуцца перагаворы з міністрам прамысловасці В`етнама, у час якіх размова пойдзе аб стварэнні сама меней дзвюх зборачных вытворчасцей у В`етнаме: самазвалаў і аўтобусаў МАЗ.

На вытворчых плошчах в`етнамскай карпарацыі VEAM з 2009 года дзейнічае зборачная вытворчасць грузавых аўтамабіляў МАЗ. Па стане на лістапад гэтага года сюды пастаўлена 995 машынакамплектаў аўтатэхнікі.

З в`етнамскай кампаніяй SAMCO з 2014 года ажыццяўляецца прапрацоўка пытання стварэння зборачнай вытворчасці нізкападлогавых аўтобусаў МАЗ у Хашыміне.

У лістападзе гэтага года завершана зборка і абкатка двух доследных нізкападлогавых аўтобусаў. Паводле слоў віцэ-прэм`ера, у наступным годзе плануецца паставіць 30 адзінак такога транспарту.

Адначасова прапрацоўваюцца новыя мадэлі аўтобусаў, больш манеўраныя для в`етнамскіх гарадоў.

"Думаю, гэта задзел для таго, каб наш тавараабарот са $170 млн у гэтым годзе вырас да $500-700 млн в год. Я веру, што гэта будзе так", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

8 снежня 2015, Ханой
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/114/33556
Текущая дата: 15.11.2024