Белорусский портал в Казахстане

Беларускія будаўнікі могуць узяць удзел у рэканструкцыі цэнтра Краснадара



Пытанне абмяркоўвалася 11 снежня на сустрэчы беларускай дэлегацыі на чале з першым намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандрам Кручанавым у краснадарскай адміністрацыі.

Абмяркоўвалася таксама магчымасць удзелу беларускіх кампаній у будаўніцтве транспартных развязак, праектаванні аб`ектаў, у тым ліку сацыяльнага прызначэння — школ, дзіцячых садоў, паліклінік. 

"Беларусь і наш горад шмат гадоў звязвае моцная дружба, актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў многіх сферах і галінах. У прыватнасці ў Краснадары адкрываецца ўсё больш магазінаў з беларускімі таварамі, мы вядзем перамовы з нашымі беларускімі партнёрамі аб пастаўках тэхнікі. Але ёсць яшчэ шмат сфер, супрацоўніцтва ў якіх магло б прынесці вялікую карысць двум бакам, — гэта будаўніцтва як жылых будынкаў, так і дарог, мастоў, транспартных развязак, праектаванне будаўнічых аб`ектаў", — адзначыў ва ўступным слове кіраўнік Краснадара Уладзімір Яўланаў. 

"Нашы спецыялісты ўдзельнічалі ў рэалізацыі шматлікіх праектаў на тэрыторыі Кубані, дапамагалі рэгіёну ліквідаваць наступства паводкі ў Крымску, працавалі на алімпійскіх будоўлях у Сочы. Але патэнцыял нашых кампаній выкарыстаны далёка не поўнасцю — будаўнічы комплекс Беларусі гатовы ўдзельнічаць у рэалізацыі праектаў у прамысловасці і грамадзянскім будаўніцтве, выкарыстоўваючы самыя сучасныя матэрыялы і тэхналогіі", — сказаў Аляксандр Кручанаў, словы якога прыводзіць прэс-служба адміністрацыі Краснадара. 

На сустрэчы было вырашана, што каардынаваць дзеянні па развіцці супрацоўніцтва паміж Краснадарам і Беларуссю будзе кампанія "Славянскі альянс". "Мы маглі б пачаць увасабленне нашых праектаў з рэканструкцыі аднаго з кварталаў у цэнтральнай частцы Краснадара, бо ў вас ёсць вялікі вопыт па аднаўленні гарадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, узвядзенні новых сучасных мікрараёнаў", — лічыць Яўланаў. 

Акрамя афіцыйнага прыёму ў адміністрацыі Краснадара члены беларускай дэлегацыі пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, наведалі транспартна-навігацыйны цэнтр Краснадара. На Тэатральнай плошчы Краснадара прайшла прэзентацыя беларускіх аўтобусаў вялікай і сярэдняй ёмістасці, будаўнічай тэхнікі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 12 снежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/117/28599
Текущая дата: 17.05.2024