Белорусский портал в Казахстане

Абмежаванні на пастаўку беларускай прадукцыі ў РФ будуць знятыя на працягу 10 дзён



Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце пасольства Беларусі ў РФ.

Як паведаміў журналістам у Маскве віцэ-прэм`ер урада Беларусі Міхаіл Русы, абмежаванні на пастаўку беларускай прадукцыі ў Расію будуць знятыя на працягу 10 дзён. Дамоўленасці дасягнутыя па выніках перамоў з віцэ-прэм`ерам РФ Аркадзем Дварковічам.

Паводле слоў Русага, 4—5 снежня прадстаўнікі беларускага боку сумесна з расійскімі ветэрынарнымі і санітарнымі службамі будуць праводзіць работу па кожным беларускім прадпрыемстве, якое трапіла пад расійскія абмежаванні. Па выніках перамоў бакі павінны падрыхтаваць план дзеянняў па вяртанні сітуацыі ў нармальнае рэчышча. 

Беларускі віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што ўсе беларускія прадпрыемствы, якія выклікалі нараканні расійскага боку, пераведзены ў рэжым пастаяннага маніторынгу. У найбліжэйшыя дні расійскія спецыялісты атрымаюць усе неабходныя матэрыялы аб гэтых прадпрыемствах.

Русы паведаміў, што з некалькіх беларускіх прадпрыемстваў абмежаванні могуць быць знятыя праз некалькі дзён, астатнія будуць паступова выводзіцца з рэжыму абмежаванняў на працягу 10 дзён. 

Беларускі бок прапаноўвае прыняць шэраг мер для таго, каб падобныя сітуацыі не адбываліся ў будучыні. У прыватнасці, у Еўрапейскім эканамічным саюзе павінна быць адпрацаваная сістэма кантролю якасці па ўсім ланцужку праходжання тавараў. Русы адзначыў, што ў Беларусі дзейнічае анлайн-сістэма "АРГУС" па мясной прадукцыі, аналагічную сістэму прапаноўваецца стварыць у 2015 годзе па расліннай прадукцыі. 

Прапаноўваецца таксама стварыць сістэму рэагавання на парушэнні. "Мы прапаноўваем штомесяц, а калі неабходна, то і штотыднёва, праводзіць відэаканферэнцыі па абмеркаванні і зняцці ўсіх праблемных пытанняў", — сказаў віцэ-прэм`ер. Акрамя таго, паводле яго слоў, неабходна адпрацаваць адзіныя правілы адбору ўзораў прадукцыі ў сувязі з тым, што існуюць выпадкі яе фальсіфікацыі. 

Гаворачы пра тэму закупак Беларуссю сыравіны з краін, якія трапілі пад расійскія санкцыі, што мусіруецца ў расійскіх СМІ, Русы падкрэсліў, што аб`ёмы яго закупак не такія ўжо і значныя. У прыватнасці, з моманту ўвядзення Расіяй санкцый Беларуссю было закуплена 70 тыс. т малака. "Гэтага аб`ёму хапае ўсяго на тры дні працы ўсёй малочнай галіны Беларусі", — адзначыў віцэ-прэм`ер, дадаўшы, што летась была ажыццёўлена закупка ўсяго 1 тыс. т такой сыравіны, таму рост і здаецца такім значным. 

Русы таксама падкрэсліў, што беларускія мытныя службы працуюць прафесійна і спыняюць незаконны ўвоз тавараў на тэрыторыю Мытнага саюза. Паводле яго звестак, да ўвядзення Расіяй санкцый адносна заходняга харчавання праз тэрыторыю Беларусі штодзённа накіроўвалася транзітам каля 70-75 фур, цяпер іх колькасць значна паменшылася. Віцэ-прэм`ер паведаміў, што толькі ў апошні час беларускія мытнікі спынілі шэсць транспартных адзінак без неабходных суправаджальных дакументаў. У сваю чаргу, з боку Расіі была спынена спроба ўвозу без неабходных дакументаў рыбы і сухафруктаў. 

Нагадаем, 3 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што забаронай на пастаўкі беларускіх тавараў Расія пайшла на парушэнне ўсіх дамоўленасцей у Мытным саюзе. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Расія паводзіць сябе непрыстойна. 

Лукашэнка даручыў на працягу 10 дзён урэгуляваць сітуацыю з пастаўкамі беларускай прадукцыі. Ён падкрэсліў, што чакае ад службовых асоб адказу на пытанне, калі пачнуцца пастаўкі на расійскі рынак тавараў 23 беларускіх прадпрыемстваў, якія трапілі пад абмежаванні, а таксама як Беларусь будзе забяспечваць свае міжнародныя абавязацельствы па транзіце тавараў. 

"Калі Расія не хоча, каб нейкія тавары ішлі праз яе транзітам у Казахстан, Узбекістан, Кітай, Манголію, Турцыю і іншыя краіны, няхай яна займаецца забаронай гэтага транзіту. Але не мы!" — сказаў Лукашэнка. 

"Мы дамовіліся з расійскімі партнёрамі, што не будзем цярпець ад уведзеных эканамічных санкцый адносна Амерыкі і Еўропы. Нам дай бог бы вылезці з тых санкцый, якія прымененыя супраць нас. Мы ж не можам далучацца да санкцый і пагаршаць сваё становішча, і так у нас хапае праблем", — дадаў ён.

Мінск, 4 снежня 2014
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/122/28475
Текущая дата: 15.11.2024