Белорусский портал в Казахстане

Прадпрыемствы Беларусі і Таджыкістана падчас дзелавога савета падпісалі кантракты на $16 млн



У Душанбэ пад старшынствам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Сяргея Барташа і яго калегі з Таджыкістана Курбана Хакімзада 28 верасня адбылося 16-е пасяджэнне Беларуска-таджыкскай міжурадавай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі больш за 60 прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. У час пасяджэння бакі разгледзелі тэндэнцыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў сферы прамысловай кааперацыі, лёгкай прамысловасці, паставак прадукцыі дрэваапрацоўкі, прадуктаў харчавання, фармпрадукцыі.

Сустаршыні міжурадавай камісіі падпісалі пратакол пасяджэння, дзе агаворваюцца пытанні ўзаемадзеяння ў сферы сельскай гаспадаркі, харчавання і падрыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу, прамысловай кааперацыі, лёгкай прамысловасці, транспарту, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, культуры, спорту і турызму, міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

У гэты дзень у Душанбэ адбылося пасяджэнне Беларуска-таджыкскага дзелавога савета, арганізаванае па лініі гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін. Як расказалі ў БелГПП, у час мерапрыемства бакі адзначылі станоўчую дынаміку развіцця беларуска-таджыкскіх дзелавых адносін, зацікаўленасць абедзвюх краін у пашырэнні партнёрскіх сувязей, гатоўнасць аказання падтрымкі ўстанаўленню і паглыбленню супрацоўніцтва дзелавых колаў з боку гандлёва-прамысловых палат, дзяржаўных органаў, дыпламатычных місій.

Намеснік старшыні БелГПП Дзяніс Мялешкін падкрэсліў, што дзелавы савет — важная пляцоўка для павышэння эфектыўнасці дзелавых сувязей паміж арганізацыямі Беларусі і Таджыкістана, а таксама выяўлення і пераадолення бар’ераў на шляху пашырэння двухбаковага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

«У Рэспубліку Таджыкістан прыбыла вялікая беларуская дэлегацыя — кіраўнікі і прадстаўнікі 24 беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта і флагманы беларускай прамысловасці, якіх ужо ведаюць у Таджыкістане, а таксама прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, якія хочуць знайсці сабе новых партнёраў. Відавочна, што ў беларускага бізнесу ёсць рэальны інтарэс да супрацоўніцтва і ёсць што прапанаваць. Менавіта таму пасля заканчэння пасяджэння будуць падпісаны кантракты і пагадненні», — падкрэсліў Дзяніс Мялешкін.

Для яшчэ больш актыўнага развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва намеснік старшыні БелГПП прапанаваў прадстаўнікам бізнес-супольнасці Таджыкістана арганізаваць у Беларусі нацыянальную выстаўку, а таксама прыняць удзел у буйных выставачных праектах у Беларусі ў гэтым і наступным годзе — Беларускім прамыслова-інавацыйным форуме, спецыялізаванай сельскагаспадарчай выстаўцы «БЕЛАГРА», міжнародным форуме і выстаўцы інфармацыйных тэхналогій ТІБО і іншых.

Афіцыйная частка пасяджэння завяршылася падпісаннем 13 двухбаковых дакументаў — пагадненняў аб супрацоўніцтве і кантрактаў на пастаўку прадукцыі на агульную суму больш за $16 млн. Прадстаўнікі бізнесу Беларусі і Таджыкістана прадоўжылі актыўную работу ў фармаце В2В-перагавораў.

Звязда, 28 верасня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/13/71092
Текущая дата: 18.11.2024