Белорусский портал в Казахстане

Беларусь павінна забяспечваць сябе пладамі ўласнай вытворчасці, перш за ўсё яблыкамі



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, наведваючы фермерскую гаспадарку "СПАРТАН-АГРА" пад Маладзечнам, якая спецыялізуецца на пладаводстве.

"Нам трэба, каб перасталі кланяцца імпартнаму яблыку. Каб быў свой яблык. Каб былі забяспечаны. У нас вялікая патрэбнасць у яблыках. Але для гэтага патрэбны сховішчы. Трэба сваё", - сказаў Прэзідэнт.

Міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксею Багданаву Прэзідэнт даў даручэнне: "Трэба дапамагаць. І дакладна ведаць, колькі нам трэба на краіну, колькі рынак можа спажыць". Задача не толькі забяспечыць патрэбнасці краіны, але і пастаўляць на экспарт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці актыўна падтрымліваць развіццё пладаводства ў краіне, у тым ліку выдзяляць гэтай фермерскай гаспадарцы дадатковыя сельгасугоддзі. "Хоць на 1000 га забяспечым", - сказаў ён.

Прэзідэнт прапанаваў кіраўніку фермерскай гаспадаркі Ігару Абрамчыку пасадзейнічаць у развіцці садаводства на іншых тэрыторыях у краіне. "Каб ты дапамог людзям закласці сад. Галоўнае ж закласці. І будуць паўтараць. Як ты даглядаеш, гэтак і яны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта цуд наогул. Шчыра кажучы, я такога не бачыў яшчэ. Гродна адпачывае (гаворка пра ўзровень гаспадарання на зямлі.)".

"Санкцыі - гэта час магчымасцей. Трэба хутчэй гэта зрабіць", - нагадаў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце фермерскай гаспадаркі, тэхніцы, якая выкарыстоўваецца, кадравым складзе, арганізацыі работы сховішчаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў адказным аб сховішчы ў ААТ "Александрыйскае", якое даручалася прывесці ў парадак і стварыць неабходныя ўмовы для захоўвання плодаагародніннай прадукцыі. Да работы ў тым рэгіёне ён прапанаваў падключыцца і маладзечанскаму фермеру: "Велізарнае сучаснае сховішча. Гэта злачынства, калі мы там не будзем мець вось такі інтэнсіўнага характару сад. Тым больш: перавёз праз граніцу - прадаў (у Расіі.)".

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці выпрацаваць у пладаводстве пэўную праграму пад патрэбы і магчымасці вытворцаў: "Давайце пэўную праграму. Вось ён хоча 300 га дабавіць. Можа, больш. Збяром гэтых людзей, спытаем, што ім трэба, і закрыем пытанне".

Дарэчы, у фермерскай гаспадарцы пад Маладзечнам ужо асвойваюць і вырошчванне груш. Вялікіх такіх прамысловых садоў у краіне пакуль няма.

Аб развіцці пладаводства ў краіне ў цэлым далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч. Прыярытэтныя напрамкі ў гэтым плане ўключаюць штогадовую пасадку 500 га яблынь, нарошчванне грушавых садоў, пашырэнне сартыменту костачкавых і ягадных культур, нарошчванне пасадак арэхаплодных. Вядома, сваё слова павінна сказаць і навука, неабходна правесці раянаванне асобных сартоў для патрэб садаводства ў прамысловых маштабах.

На сённяшні дзень Беларусь забяспечана ўласнымі яблыкамі ў поўным аб`ёме з верасня па люты. Але каб нарасціць аб`ём яблыкаў з сакавіка па май, трэба высаджваць сарты, прыдатныя для доўгага захоўвання, і дадаткова будаваць сучасныя фруктасховішчы з рэгулюемым газавым асяроддзем.

"Усе пытанні трэба вырашыць імгненна, наколькі гэта магчыма. Без усялякіх затрымак, - запатрабаваў ад чыноўнікаў кіраўнік дзяржавы. - Праграма, аб`ёмы, выдзеліць пэўныя крэдыты. Трэба паглядзець эканоміку. Раскідвацца грашыма мы не можам. А там, дзе трэба падставіць плячо, мы павінны падставіць".

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт менавіта на развіцці высокаэфектыўнага садаводства. Старыя сады, якія не даюць запатрабаванага выніку, неабходна выкарчоўваць і закладваць новыя.

На завяршэнне наведвання фермерскай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з мясцовымі работнікамі: "Дзякуй вам вялікі. Вы для нас арыенцір. Будзем на вас раўняцца, каб беларусы з Польшчы і іншых краін яблыкі не завозілі".

Аляксандр Лукашэнка таксама прадэгуставаў фермерскую прадукцыю, адзначыўшы добрыя смакавыя якасці яблыкаў. Дарэчы, яблыкі з-пад Маладзечна пастаўляюцца ўжо на экспарт у Расію, аж да Хабараўска. І не толькі яблыкі, але і прадукцыя перапрацоўкі.

Адзначым, што з кіраўніком сялянскай гаспадаркі Ігарам Абрамчыкам Прэзідэнт ужо сустракаўся ў красавіку бягучага года ў час рэспубліканскага суботніка, які Аляксандр Лукашэнка праводзіў на сваёй малой радзіме, закладваючы новы яблыневы сад. Саджанцы для яго былі, як і пад Маладзечнам, з фермерскай гаспадаркі.

"Фермер, рабацяга. Дарэчы, не аграрый", - адрэкамендаваў тады яго перад журналістамі кіраўнік дзяржавы. "Не, не аграрый. Інжынер-эканаміст. БДУІР. Але ўсё роўна на зямлі", - пацвердзіў фермер.

"Айцішнік", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка і ўдакладніў, ці ёсць у маладога аграрыя вясковыя карані. Аказалася, што сапраўды ёсць, і ў вёсцы Ігар правёў некалькі першых школьных гадоў. А да працы на зямлі і фермерства яго прывучыў бацька. Аляксандр Лукашэнка пры цяперашняй сустрэчы падзякаваў таму за такога сына, які не толькі прадаўжае, але і развівае пачатую справу.

20 верасня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/2/75290
Текущая дата: 18.11.2024