На БЕЛАЗе ідуць выпрабаванні газатурбіннага кар`ернага самазвала БЕЛАЗ-75588 з электрамеханічнай трансмісіяй, паведамілі на прадпрыемстве.
У якасці сілавой устаноўкі ў гэтай 90-тоннай машыне выкарыстоўваецца інавацыйны газатурбінны рухавік КАДВІ магутнасцю 1,2 тыс. к.с. Новы рухавік вытворчасці расійскай кампаніі ПАТ "Калужскі рухавік" працуе на звадкаваным прыродным газе і здольны забяспечваць надзейны запуск і працаздольнасць у любых кліматычных і геаграфічных умовах.
У рэалізацыі праекта распрацоўкі перспектыўнага рухавіка разам з калужскімі маторабудаўнікамі прымалі ўдзел і спецыялісты навукова-тэхнічнага цэнтра імя А.М. Ягорава ўпраўлення галоўнага канструктара БЕЛАЗа, а цяпер вядзецца сумесная работа па выпрабаваннях газатурбіннага самазвала ў эксперыментальным цэху беларускага прадпрыемства. Згодна з планамі, па заводскім палігоне газатурбінны 90-тоннік павінен наматаць 200 мотагадзін.
ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" - найбуйнейшы сусветны вытворца кар`ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар`ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар`ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.
18 студзеня 2023, Мінск
БЕЛТА
18 студзеня 2023, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/21/68029
Текущая дата: 19.11.2024