Белорусский портал в Казахстане

Беларускія кампаніі ў лістападзе прымуць удзел у сельскагаспадарчых выстаўках Казахстана



Кампаніі з Беларусі ў лістападзе прымуць удзел у сельскагаспадарчых выстаўках Казахстана, паведамілі ў «Белінтэрэкспа» БелГПП.

У пачатку лістапада ў Алматы традыцыйна адбудзецца штогадовае выставачнае мерапрыемства, прысвечанае сельскай гаспадарцы і прадуктам харчавання, — 24-я цэнтральнаазіяцкая міжнародная выстаўка «Харчовая прамысловасць» FoodExpo Qazaqstan. На ёй будзе прадстаўлена маштабная экспазіцыя Belarus — the Taste of Nature, куды ўвойдуць кампаніі — вытворцы прадуктаў харчавання, а таксама прадпрыемствы сельскагаспадарчай сферы. Таксама беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у дзелавых мерапрыемствах выстаўкі.

Выстаўка ахопіць такія тэматычныя раздзелы, як прадукты харчавання і напіткі, інгрэдыенты, абсталяванне для харчовай прамысловасці, хлебапячэнне. Паралельна з выстаўкай FoodExpo Qazaqstan у выставачным цэнтры «Атакент» у Алматы пройдуць два галіновыя мерапрыемствы: AgroWorld Qazaqstan (жывёлагадоўля, птушкагадоўля, ветэрынарыя, агародніцтва, насенне, сельскагаспадарчая тэхніка, перапрацоўка адходаў) і QazPack (упакоўка і матэрыялы, спецыялізаванае абсталяванне).

У рамках выстаўкі запланавана шырокая дзелавая праграма — b2b-перагаворы, дзелавое мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў казахстанскага бізнесу, наведванне гандлёвых сетак і вытворчых зон прадпрыемстваў у Алматы і іншых гарадах Казахстана.

У 2021 годзе ў FoodExpo Qazaqstan прыняла ўдзел 421 кампанія з 26 краін: Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Даніі, Інданезіі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Літвы, Нідэрландаў, Папуа Новай Гвінеі, Польшчы, Расіі, Славеніі, ЗША, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны, Францыі, Чэхіі, Рэспублікі Карэя.

Арганізатарам экспазіцыі Беларусі на выстаўцы FoodExpo Qazaqstan выступае выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Экспазіцыя пройдзе пры падтрымцы і актыўным удзеле пасольства Беларусі ў Казахстане.

Звязда, 17 жніўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/26/66087
Текущая дата: 19.11.2024