Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі хутка можа з`явіцца новы від хлеба



Яго прадэманстравалі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку падчас наведвання ў Смалявіцкім раёне селекцыйна-насенняводчага комплексу РУП "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве".

Айчынныя навукоўцы аналізуюць хлебапякарныя якасці зерня тых ці іншых культур. І цяпер актыўна працуюць над трыцікале. Хлеб з яго атрымліваецца з шэрым адлівам у адрозненне ад традыцыйных чорнага (жытняга) і белага (пшанічнага). Як расказалі Аляксандру Лукашэнку, шэры хлеб можа з`явіцца ў шырокім продажы на працягу двух-трох гадоў.

Звычайна трыцікале не выкарыстоўваецца ў хлебапячэнні, аднак навукоўцы паставілі перад сабой мэту стварыць такі сорт, які па сваіх якасцях будзе для гэтага прыдатны.

Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў і пшанічны хлеб. У саставе выпечкі толькі 50 г мукі і вада, хоць па аб`ёме хлеб выйшаў значны. Як растлумачылі навукоўцы, аб`ём хлеба, што выпякаецца з 50 г мукі, можа быць розным. Такім чынам вызначаецца хлебапякарная якасць зерня - сіла хлеба. Калі выходзіць аб`ём 0,75-0,8 л, то гэта вельмі высокая якасць, а калі менш 0,4 л, то такое зерне прыдатнае толькі на фураж.

Прэзідэнт знайшоў такі хлеб вельмі смачным. Выйшла невялікая замінка, калі паспрабавалі знайсці нож, каб парэзаць хлеб на кавалачкі, але Аляксандр Лукашэнка зрабіў па-народнаму. "Хлеб не рэжуць, хлеб ламаюць", - сказаў ён. І ўзяў працэс у прамым сэнсе слова ў свае рукі, паспрабаваўшы выпечку сам і пачаставаўшы прысутных.

Увазе кіраўніка дзяржавы прадставілі і іншыя прадукты - розныя віды зерня, круп, рапсавы і нават гарчычны алей.

16 жніўня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/26/66102
Текущая дата: 19.11.2024