Белорусский портал в Казахстане

Сельгаспрадукцыя стане асноўным драйверам росту беларускага біржавога экспарту



Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Эдуард Бельскі, выступаючы на ХІІІ малочнай алімпіядзе, якая праходзіць 22-27 мая ў Алматы (Казахстан), паведамляе прэс-сакратар БУТБ.

На думку прадстаўніка біржы, ва ўмовах павышанага попыту на прадукты харчавання і ўмацавання гандлёва-эканамічных адносін у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза біржавы механізм здольны максімальна эфектыўна рэалізаваць экспартны патэнцыял беларускага аграпрамысловага комплексу.

«За мінулы год экспарт беларускіх тавараў сельскагаспадарчай групы склаў $6,7 млрд. З іх $2,7 млрд прыпала на малако і малакапрадукты, якія пастаўляліся ў 58 краін, у тым ліку ў Казахстан і іншыя дзяржавы Цэнтральнай Азіі. З пункту гледжання развіцця трансгранічнага біржавога гандлю і дыверсіфікацыі рынкаў збыту гэты рэгіён асабліва цікавы для нас з-за яго ёмістасці і высокай пакупной здольнасці. Цяпер экспартныя біржавыя таргі сухім малаком і сыроваткай, сметанковым маслам, сырамі і іншай запатрабаванай за мяжой малочнай прадукцыяй праводзяцца тройчы ў тыдзень, а ў кожнай гандлёвай сесіі ўдзельнічаюць амаль 300 прадаўцоў і пакупнікоў. У выніку за апошнія 5 гадоў аднаго толькі сухога абястлушчанага малака было рэалізавана больш за 26 тыс. т, а сметанковага масла — звыш 22 тыс. т. Зразумела, мы гатовы нарошчваць экспартныя пастаўкі, тым больш што рэсурс для гэтага ёсць — на біржавой пляцоўцы акрэдытаваны ўсе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі», — адзначыў Эдуард Бельскі.

Першы намеснік старшыні праўлення БУТБ таксама звярнуў увагу на транзітныя магчымасці біржавой платформы, дзякуючы якім кампаніі з Казахстана маглі б істотна пашырыць геаграфію гандлю і мінімізаваць адпаведныя рызыкі.

«У таргах малочнай прадукцыяй рэгулярна ўдзельнічаюць кампаніі з Расійскай Федэрацыі, Арменіі, Малдовы, Літвы, Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі, Сінгапура. Усё гэта патэнцыяльныя дзелавыя партнёры для казахстанскіх прадпрыемстваў. Пры гэтым пад кожную размешчаную вамі заяўку на куплю або продаж мы заўсёды зможам сабраць пул зацікаўленых удзельнікаў. Рызыкі пры заключэнні здзелак мінімальныя, паколькі біржа кантралюе належнае выкананне дагаворных абавязацельстваў абодвума бакамі», — падкрэсліў Эдуард Бельскі.

Малочная алімпіяда — самае маштабнае мерапрыемства малочнай галіны, якое штогод аб’ядноўвае экспертаў і аналітыкаў сусветнага ўзроўню, вытворцаў і перапрацоўшчыкаў малака, прадстаўнікоў галіновых ведамстваў і пастаўшчыкоў рашэнняў для абмену вопытам, абмеркавання актуальных праблем малочнай галіны і вызначэння перспектыў развіцця сектара. У 2022 годзе арганізатарамі мерапрыемства выступаюць інфармацыйнае агенцтва The DairyNews і Цэнтр вывучэння малочнага рынку сумесна з Малочным саюзам Казахстана.

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Звязда, 24 мая 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/30/65112
Текущая дата: 19.11.2024