Белорусский портал в Казахстане

За два гады арганізацыі Мінлясгаса нарасцілі аб’ёмы вытворчасці пелетаў у дзесяць разоў



Арганізацыі Мінлясгаса за два гады істотна нарасцілі аб’ёмы вытворчасці пелет. Аб гэтым падчас урачыстага адкрыцця новай вытворчасці ў Старадарожскім доследным лясгасе заявіў намеснік міністра лясной гаспадаркі Уладзімір Крэч.

Як цытуе словы Уладзіміра Крэча прэс-служба міністэрства, калі ў 2018 годзе ў галіне выраблялі прыкладна 19 тысяч тон пелет, то за апошнія паўтара года толькі на новых вытворчасцях, пабудаваных у рамках рэалізацыі Праграмы развіцця пелетных вытворчасцяў у Рэспубліцы Беларусь, было атрымана 162 тысячы тон паліўных гранул. Такім чынам, агульныя аб’ёмы вытворчасці пелет у галіне выраслі практычна ў дзесяць разоў.

«Мы сёння працуем на максімуме нашых вытворчых магутнасцяў. Нашы паліўныя гранулы — адзін з самых экалагічных відаў паліва ў свеце. З улікам агульнасусветнай стратэгіі па памяншэнні выкарыстання вуглевадароду пелеты з’яўляюцца запатрабаваным відам паліва. Таму рэшткаў прадукцыі ў нас у прынцыпе няма», — падкрэсліў намеснік міністра.

Уладзімір Крэч таксама дадаў, што ў галіне сёння разумеюць перспектывы развіцця пелетных вытворчасцяў і ацэньваюць наяўнасць сыравіннай базы.

«Усе рэсурсы павінны з максімальным эфектам служыць краіне і беларускаму народу», — рэзюмаваў Уладзімір Крэч, цытуе прэс-служба.

Сяргей Расолька
Звязда, 12 студзеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/34/62740
Текущая дата: 19.11.2024