Белорусский портал в Казахстане

Беларусь плануе адкрыць у Манголіі мультыбрэндавы цэнтр і дапамагчы ў будаўніцтве жывёлагадоўчай фермы



Перагаворы наконт гэтага ва Улан-Батары напярэдадні дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі правялі члены беларускага ўрада і прадстаўнікі прадпрыемстваў.

У першыя гадзіны работы беларускай дэлегацыі на мангольскай зямлі заключаны шэраг двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве, у тым ліку з удзелам МАЗа, "Гомсельмаша", МТЗ і "Бабруйскаграмаша".

Усе гэтыя дамоўленасці дасягнуты ў мэтах развіцця пытанняў, якія абмяркоўваліся ў Мінску ў студзені бягучага года на сёмым пасяджэнні сумеснай беларуска-мангольскай міжурадавай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

"Гэта будзе зборка сельскагаспадарчай тэхнікі, мультыбрэндавы цэнтр у Манголіі, дзе будзе прадстаўлена ўся тэхніка і ўся тэхналогія, пачынаючы ад сяўбы, заканчваючы ўборкай культур.

Гэта вялікі спектр супрацоўніцтва. Гэта і насенняводства, жывёлагадоўля, лёгкая прамысловасць, кар’ерная тэхніка. Гэты спектр пашыраецца пастаянна. У рамках візіту кіраўніка дзяржавы будуць падпісаны пагадненні ва ўсіх сферах, пачынаючы ад адукацыі, навукі, бяспекі і гэтак далей. Гэта супрацоўніцтва пад увесь спектр узаемаадносін дзвюх краін", - расказаў журналістам міністр прамысловасці і сустаршыня міжурадавай камісіі з беларускага боку Аляксандр Рагожнік.

Ён адзначыў, што беларуская тэхніка вядома ў Манголіі яшчэ з савецкіх часоў. Яна простая ў абслугоўванні, рамонтапрыдатная, надзейная ў кліматычных умовах гэтай краіны. "І мы зыходзячы з гэтага выбудоўваем адносіны", - сказаў міністр.

Разам з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргеем Барташам, кіраўнікамі беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый Аляксандр Рагожнік ва Улан-Батары правёў сустрэчу з мангольскімі калегамі і сваім візаві - сустаршынёй міжурадавай камісіі з мангольскага боку, міністрам харчавання, сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасці Манголіі Хаянгаагійнам Баларчулуунам.

Сяргей Барташ расказаў, што ў мангольскага боку ёсць інтарэс да будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў. "Мы можам аказаць дапамогу ў праектаванні аб’ектаў, суправаджэнні будаўніцтва, стварэнні пагалоўя і арганізацыі вытворчага працэсу. Другі напрамак - манголам цікава мяса-малочная прадукцыя, якой у іх не хапае. Мы можам прапанаваць сухое малако для перапрацоўкі. Акрамя таго - адукацыю работнікаў сельскай гаспадаркі - тых, хто непасрэдна будзе займацца вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі", - расказаў міністр.

Паводле яго слоў, Манголіі неабходны ветпрэпараты, і ў гэтым плане ёсць патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва па лініі прадпрыемства "Белвітуніфарм", якое вырабляе шырокі спектр вакцын і іншых прэпаратаў.

У Манголіі таксама плануецца будаўніцтва жывёлагадоўчай фермы па беларускіх тэхналогіях. "Гэта першая такая ферма будзе. Яна разлічана на 600 галоў буйной рагатай жывёлы беспрывязнога ўтрымання. Гэта ім цікава, яны ў нас бачылі і хочуць у гэтым напрамку арганізаваць такую вытворчасць. У далейшым развіваць па нашай тэхналогіі. Гэта пілотны праект, як вітрына нашых магчымасцей. Думаю, у далейшым іх зацікавяць больш маштабныя фермы", - упэўнены Сяргей Барташ.

У сваю чаргу Хаянгаагійн Баларчулуун упэўнены, што Беларусі і Манголіі ўдасца выбудаваць добрае супрацоўніцтва, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць адзін ад аднаго.

"Хоць краіны знаходзяцца на вялікай адлегласці, але наша душа вельмі блізкая. Таму мангольскі бок упэўнены, што нягледзячы на любыя перашкоды, мы абавязкова будзем развіваць наша двухбаковае супрацоўніцтва. Мы цудоўна разумеем і ведаем, што Беларусь мае вялікі досвед і вельмі развітая ў сферах сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Таму нам шмат чаму можна вучыцца ў вас", - сказаў ён.

1 чэрвеня 2024, Улан-Батар
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/4/74347
Текущая дата: 18.11.2024