Белорусский портал в Казахстане

Завод па вытворчасці спецыяльнай электронікі ў Браславе пачне працу ў 2021 годзе



У першай палове 2021 года завершыцца рэалізацыя інвестпраекта па вытворчасці спецыяльнай электронікі для буйнагабарытных машын, паведаміла намесніца старшыні Браслаўскага райвыканкама Алена Бабінская.

Унітарнае прадпрыемства «Завод спецыяльнай электронікі «Зарад» з расійскім капіталам з`яўляецца распрацоўшчыкам і вытворцам электронных і электрамеханічных вырабаў, у тым ліку рэле электронных, блокаў камутацыі, перамыкачоў клавішных і аўтасветлатэхнікі для працы ў цяжкіх умовах эксплуатацыі. У прадпрыемства ўжо маецца адзін вытворчы цэх у аграгарадку Друйск Браслаўскага раёна. Частка асноўнага абсталявання ўжо закуплена, зараз на аб`екце вядуцца наладачныя работы. Тут створана 10 рабочых месцаў для жыхароў Браслаўскага раёна. Пусціць прадпрыемства ў строй плануюць у першым паўгоддзі 2021 года.

«Прадукцыя гэтага прадпрыемства будзе пераважна экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай. Асноўны напрамак паставак - Расія. У рэалізацыю гэтага праекта інвесціравана больш Br503 тыс. У цяперашні час прадпрыемства вядзе работу ў сферы сумеснай вытворчасці шэрагу вырабаў з аршанскім ААТ «Завод прыбораў аўтаматычнага кантролю», - распавяла Алена Бабінская.

Звязда, 1 студзеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/42/57972
Текущая дата: 19.11.2024