Белорусский портал в Казахстане

БЕЛАЗ паставіў 136-тонны кар`ерны самазвал на Урал



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Кар`ерны самазвал серыі БЕЛАЗ-7513 грузападымальнасцю 136 т пачаў работу ў парку тэхналагічнага транспарту горнага цэха ААТ "Святагор" на Урале, што ўваходзіць у склад "УГМК-Холдынга" - буйнейшага вытворцы медзі, цынку, вугалю і каштоўных металаў у Расіі. 

"Беларускія самазвалы добра зарэкамендавалі сябе ва ўмовах работы нашага кар`ера. Цяпер у нас у распараджэнні разам з новай машынай шэсць адзінак велікагрузнай тэхнікі. Новы БЕЛАЗ будзе задзейнічаны на вывазцы пустой пароды на адвал скальных парод, а таксама на транспарціроўцы руднай сыравіны на драбільна-сартавальную фабрыку горнага цэха", - расказаў галоўны інжынер горнага цэха АТ "Святагор" Барыс Буднеў.

Як адзначылі ў прэс-службе, самазвалы серыі 7513 адны з самых запатрабаваных і папулярных машын у гарнякоў. Яны максімальна прыстасаваны да складаных горнатэхнічных умоў адкрытых распрацовак. "Высокі рэсурс гэтых машын вызначаецца прымяненнем дасканалых сілавых установак, высокім тэхнічным узроўнем вузлоў і агрэгатаў, выкарыстаннем высокатрывалых матэрыялаў, якія прымяняюцца пры вырабе рамы і платформы", - падкрэслілі на прадпрыемстве.

Перавагі беларускай тэхнікі пацвярджаюць і эксплуатацыйнікі ў кар`ерах. Аператары БЕЛАЗаў горнага цэха АТ "Святагор" адзначаюць сучаснасць і тэхналагічнасць машын: прасторнасць кабіны, выдатны агляд, эрганамічнасць прыборнай панэлі, якая забяспечвае лёгкую чытальнасць паказанняў прыбораў і даступнасць у кіраванні самазвалам.

ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар`ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар`ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар`ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.

25 лістапада 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/43/57170
Текущая дата: 19.11.2024