Белорусский портал в Казахстане

За любымі рашэннямі, якія прымаюцца дзяржавай, стаяць перш за ўсё людзі і жыццё нашай краіны



Пра гэта заявіла падчас рабочай паездкі ў Гродне старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Наталля Качанава правяла сустрэчу са старшынямі гар- і райсаветаў дэпутатаў, а таксама наведала ААТ «Малочны свет», азнаёмілася з працай прадпрыемства, сустрэлася з яго калектывам. Наталля Качанава адзначыла, што на сустрэчах з дэпутатамі, работнікамі прадпрыемства падымаліся разнастайныя тэмы, якія тычацца як дзейнасці Савета Рэспублікі, работы дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў, так і ў цэлым сітуацыі ў краіне.

«Такія сустрэчы дазваляюць даведацца пра тое, як жывуць людзі, якія ў іх ёсць пытанні да ўлады, з якімі праблемамі сутыкаюцца. Наша праца — заканатворчая дзейнасць. Пры распрацоўцы таго ці іншага законапраекта, унясенні змяненняў або дапаўненняў інфармацыю аб іх актуальнасці мы чэрпаем менавіта ад людзей. і важна разумець, што за любымі рашэннямі, якія прымаюцца, стаяць перш за ўсё людзі і ў цэлым жыццё нашай краіны», - адзначыла Наталля Качанава. Паводле яе слоў, у першую чаргу намаганні накіраваны на тое, каб працавалі прадпрыемствы, бо эканоміка — аснова ўсяго.

У якасці прыкладу паспяховай работы яна прывяла ААТ «Малочны свет». «Гэта высокатэхналагічнае прадпрыемства, якое развіваецца. Працуе яно кругласутачна, 7 дзён на тыдзень, выпускае запатрабаваную на ўнутраным і знешніх рынках прадукцыю. Вельмі важна, што няма ніякіх праблем з яе рэалізацыяй», — сказала Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што падзеі, якія адбываліся ў краіне, на працу прадпрыемства не паўплывалі. І партнёры па бізнесе ацанілі гэта станоўча. Яны тэлефанавалі, цікавіліся, што адбываецца, але цяпер пытанняў у іх няма, усе абавязацельствы выконваюцца.

ААТ «Малочны свет» — адзін з лідараў малочнай прамысловасці краіны. За суткі тут перапрацоўваецца каля 1,5 тыс. т малака. Стаўка ў працы зроблена на тэхнічнае пераўзбраенне, што дазваляе павялічваць магутнасці па перапрацоўцы, пашыраць асартымент, паляпшаць якасць прадукцыі, рабіць яе больш канкурэнтаздольнай. Зараз на прадпрыемстве выпускаюць больш за 300 відаў разнастайнай малочнай прадукцыі. Прычым 66% пастаўляецца на экспарт. Прадукцыя прадстаўлена на рынках Расіі і Кітая, пастаўляецца ў ААЭ, В’етнам і Філіпіны, а таксама іншыя краіны. На прадпрыемстве каля 2 тыс. супрацоўнікаў.

Звязда, 10 верасня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/45/55983
Текущая дата: 19.11.2024