Мінскі трактарны завод наладзіць у Башкартастане вытворчасць колавых, гусенічных і міні-трактароў, а таксама мотаблокаў, паведамляе прэс-служба прадпрыемства.
«Башкартастан — адзін з ключавых партнёраў МТЗ у Расійскай Федэрацыі. У сярэднім у год МТЗ пастаўляе ў рэгіён больш як 400 трактароў. Акрамя паставак гатовай тэхнікі рэалізуем тры кааперацыйныя праекты», — расказаў намеснік маркетынг-дырэктара па камерцыйнай рабоце на рынках краін СНД — начальнік упраўлення, прасоўвання і рэалізацыі прадукцыі ў краіны СНД ААТ «МТЗ» Міхаіл Вардугін.
Так, у высокай ступені гатоўнасці стварэнне вытворчасці гусенічных трактароў магутнасцю 199-212 л. с. сумесна з кампаніяй «Матрыкс Універсал». «Гатовы пастаўляць трактаракамплекты, дапрацаваныя з улікам апрабацыі тэхнікі на палях Башкартастана», — адзначыў ён.
«Другі праект, які толькі пачынаем, — гэта зборка нашых базавых мадэляў магутнасцю 81 к. с. на базе кампаніі „Аграсіла“. Рэгіён гатовы падтрымліваць набыццё такой тэхнікі. Мы заключылі ліцэнзійныя дагаворы, ідзе адпрацоўка канструкцыі. Сёлета пачынаем пастаўку трактаракамплектаў і адкрываем зборачную вытворчасць», — расказаў Міхаіл Вардугін.
Трэці праект — сумесная зборка міні-трактароў і мотаблокаў з кампаніяй «Заман» у Дзюрцюлі. «Мы ўжо дамовіліся аб першых пастаўках гатовай прадукцыі, цяпер узгадняем умовы экспарту камплектаў міні-тэхнікі, каб у гэтым годзе запусціць там вытворчасць», — паведаміў ён.
Мінскі трактарны завод — адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі не толькі ў краінах СНД, але і ва ўсім свеце. Заказчыкам прапануюць больш за 100 мадэлей трактароў у больш як 200 зборачных варыянтах для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. Новыя мадэлі валодаюць шырокімі магчымасцямі агрэгатавання з сельгасмашынамі розных вытворцаў. МТЗ распрацоўвае, вырабляе і экспартуе колавыя трактары і запасныя часткі да іх, арганізуе на ліцэнзійнай аснове іх вытворчасць за мяжой, аказвае паслугі па наладжванні і правядзенні сэрвісу пастаўленых машын, праводзіць навучанне па эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні тэхнікі.
Звязда, 11 лютага 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/8/72573
Текущая дата: 18.11.2024