Аб гэтым паведаміў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка 29 сакавіка ў Мінску.
На 3 красавіка запланаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведаміў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка 29 сакавіка ў Мінску на адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выставы "Белтэкслегпрам. Вясна-2017".
На ўдакладняльнае пытанне, ці паляціць Лукашэнка на сустрэчу ў Маскву, Сямашка адназначнага адказу не даў: "Ну, напэўна".
"Я не магу канстатаваць, што ўсё ў нашых адносінах добра, — зазначыў ён. — Ёсць пэўныя адкаты. Тэмы адзінага рынку без выключэнняў і пазбягання няправільных дзеянняў будуць абмяркоўвацца ў панядзелак, 3 красавіка, на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў".
Паводле слоў Сямашкі, будзе абмяркоўвацца тэма, "што трэба зрабіць, каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для працы без усялякай дыскрымінацыі".
Чыноўнік падкрэсліў, што беларуская эканоміка застаецца адкрытай і ёй трэба прадаваць да 70% ВУП, "каб потым купляць нафту і газ, неабходныя для вытворчасці".
Як адзначыў Сямашка, 10 гадоў таму 70-75% экспарту "прадавалася ў нашу дружалюбную краіну Расію". "І гэта было не вельмі правільна, таму мы праводзім дыверсіфікацыю экспарту", — сказаў ён.
Паводле інфармацыі намесніка прэм`ер-міністра, у 2016 годзе доля РФ у беларускім экспарце склала 52%. "Расія застаецца нашым асноўным партнёрам", — падкрэсліў Сямашка.
30 сакавіка ў Маскве павінны прайсці перамовы прэм`ер-міністраў Беларусі і Расіі Андрэя Кабякова і Дзмітрыя Мядзведзева. Паводле звестак прэс-службы ўрада РФ, прэм`еры абмяркуюць інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза. Акрамя таго, "будуць закранацца актуальныя пытанні расійска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне энергетыкі, прамысловасці і аграпрамысловага комплексу".
З канца 2015 года паміж Мінскам і Масквой не ўрэгуляванае пытанне кошту газу, які пастаўляе Расія. Суму недаплаты расійскія профільныя чыноўнікі ацэньваюць ужо ў 600 млн долараў. У адказ РФ значна скараціла пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.
Бакі неаднаразова публічна крытыкавалі адзін аднаго, аднак 28 сакавіка Лукашэнка на сустрэчы з паслом Арменіі заявіў, што ў яго з Пуціным "бліскучыя адносіны". "І падбярэм час, сустрэнемся. Калі ёсць нейкія праблемы, мы іх вырашым. Без пасрэднікаў мы вырашым, удваіх, і нам не трэба ніякае пасярэдніцтва. Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго. Я яму неяк публічна сказаў: можа быць, яшчэ будзе час, калі прыйдзецца спіной да спіны стаць і адстрэльвацца, ну, як вайсковыя людзі кажуць", — сказаў беларускі кіраўнік.
Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 22 лістапада 2016 года ў Маскве на юбілеі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Паводле звестак прэс-службы Крамля, падчас двухбаковай сустрэчы яны абмеркавалі ключавыя пытанні беларуска-расійскіх адносін, перспектывы прасоўвання еўразійскай інтэграцыі, актуальныя міжнародныя праблемы.
Пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, правядзенне якога анансавалася ў лютым, так і не адбылося.
Не атрымалася ў Лукашэнкі сустрэцца з Пуціным і падчас тыднёвага адпачынку ў Сочы ў другой палове лютага, хоць у папярэднія гады такія нефармальныя сустрэчы на расійскім курорце праводзіліся.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-408/97/38971
Текущая дата: 15.11.2024