Больш за 70 беларускіх навучэнцаў сталі ўладальнікамі ўзнагарод адкрытай алімпіяды па сусветнай эканоміцы БДУ. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ВНУ.
Вынікі школьнай лігі адкрытай алімпіяды па сусветнай эканоміцы падвялі 5 мая ў БДУ. Спаборніцтва складалася з каманднага і двух індывідуальных конкурсаў. Камандам трэба было вырашыць бізнес-задачу па міжнароднай эканамічнай дзейнасці беларускіх кампаній. Лепшай тут стала зборная Брэста "Альфа-Пірагі". Срэбнай узнагароды ўдастоена каманда гімназіі нумар 30 Мінска імя Героя Савецкага Саюза Акрэсціна "Нашчадкі Шумпетэра", а бронзавай - зборная сталічнай гімназіі нумар 21 "Бізнес па-беларуску".
У індывідуальным заліку неабходна было вырашыць тэст па эканоміцы і прайсці фінансавую гульню на англійскай мове. Гэтыя два іспыты ацэньваліся асобна. Найлепшы ўзровень агульнай эрудыцыі ў галіне фінансаў аказаўся ў вучняў сярэдняй школы нумар 28 Брэста Ільі Якімука, Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя нумар 3 Аляксея Драздова, а таксама ў ліцэісткі БДУ Лізаветы Прановіч.
Па выніках эканамічнага тэсту былі вызначаны пяць уладальнікаў першага месца, 18 - другога, 33 - трэцяга. У гэтым спаборніцтве ў ліку бронзавых прызёраў таксама ліцэісткі БДУ Анфіса Клязовіч, Настасся Шавейка і Вераніка Бобрык.
Усяго ў фінале прынялі ўдзел больш за 180 школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, з іх сем - прадстаўнікі Ліцэя БДУ.
Лепшыя юныя эканамісты па выніках спаборніцтва прымуць удзел у Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па сусветнай эканоміцы, якая пройдзе з 26 ліпеня па 1 жніўня ў горадзе Рыга (Латвія).
Арганізатарам мерапрыемства выступіў факультэт міжнародных адносін БДУ пры падтрымцы Нацыянальнага банка Беларусі.
7 мая 2021, Мінск
БЕЛТА
7 мая 2021, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/11/59221
Текущая дата: 23.12.2024