Белорусский портал в Казахстане

Беларускія і расійскія гісторыкі выдалі першы вучэбны дапаможнік «Расія і Беларусь: нарысы сумеснай гісторыі»



Кніга падрыхтавана пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Кавалені і доктара гістарычных навук члена-карэспандэнта РАН Яфіма Півавара.

Беларускія і расійскія гісторыкі выдалі першы вучэбны дапаможнік «Расія і Беларусь: нарысы сумеснай гісторыі» ў рамках маштабнага цыкла сумесных работ «Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі». 

На 850 старонках прыведзена шмат унікальных дакументаў, якія публікуюцца ўпершыню. Пры падрыхтоўцы выдання выкарыстаны матэрыялы архіваў Расіі, Беларусі, Украіны, Германіі і Польшчы. У дапаможніку раскрываюцца падыходы расійскіх і беларускіх гісторыкаў да перадумоў і прычын, характару і ходу Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны, унёску народаў Савецкага Саюза ў агульную Перамогу. Даецца агляд развіцця палітыкі СССР у першыя пасляваенныя гады. Асобная ўвага — ролі Вялікай Айчыннай вайны ў развіцці культуры і мастацтва народаў Беларусі і Расіі з пачатку 1940-х гадоў да сучаснасці.

Вучэбны дапаможнік прызначаны перш за ўсё для настаўнікаў гісторыі Беларусі і Расіі, таксама ўяўляе цікавасць для выкладчыкаў гістарычных і іншых гуманітарных дысцыплін у ВНУ, школьнікаў і студэнтаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Нарысы могуць быць з поспехам выкарыстаны пры выкладанні гісторыі ў іншых краінах СНД. На думку аўтараў, дакументальны, статыстычны, ілюстрацыйны матэрыял, выкарыстаны ў дапаможніку, дапаможа настаўніку сфармаваць у вучняў праўдзівае ўяўленне пра вайну пры правядзенні ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў.

Менавіта з мэтай недапушчэння перапісвання гісторыі Перамогі ў Другой сусветнай вайне, галоўную ролю ў якой адыграў Савецкі Саюз, у 2018 годзе па даручэнні Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь была сфарміравана рабочая група гісторыкаў Расіі і Беларусі па падрыхтоўцы серыі дапаможнікаў пад агульнай назвай «Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі». У рамках гэтага праекта плануецца выданне дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай адукацыі, накіраваных на захаванне калектыўнай гістарычнай памяці нашых народаў.

Надзея Нікалаева
Звязда, 17 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/11/59306
Текущая дата: 23.12.2024