Белорусский портал в Казахстане

Нігерыя хоча пераняць беларускую мадэль адукацыі



Ужо падрыхтаваны праект пагаднення паміж урадамі краін аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі.

Нігерыя хацела б пераняць беларускую мадэль адукацыі, заявіў надзвычайны і паўнамоцны пасол Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя ў РФ і РБ Стыў Дэвіс Угба.

Угба пачаў дыпламатычную місію ў Беларусі ў студзені бягучага года. Дыпламат ужо правёў адну з першых сустрэч — з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.

"Наша сустрэча праходзіць у той перыяд, калі Вы ўручылі даверчыя граматы Прэзідэнту нашай краіны і калі развіваюцца сяброўскія адносіны з Афрыканскім кантынентам. Магу запэўніць, што з нашага боку гатовы да абмеркавання любых пытанняў у галіне адукацыі, каб дасягнуць канкрэтных вынікаў падчас вашай дыпламатычнай місіі ", — прыводзіць прэс-служба Мінадукацыі словы Карпенкі.

Паслу ўжо перадалі праект пагаднення паміж краінамі аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Карпенка заявіў аб тым, што гатовы запрасіць у Беларусь свайго нігерыйскага калегу.

"Што тычыцца адукацыі, то нашыя студэнты вельмі цэняць вопыт навучання ў вашай краіне. І мы хацелі б працягнуць гэтую практыку. Нам важны і цікавы ваш вопыт развіцця адукацыі, вашы тэхналогіі", — сказаў пасол.

Угба прызнаў, што ў Нігерыі вельмі высокі ўзровень непісьменнасці. Сёння адной з самых важных задач у краіне называюць падрыхтоўку спецыялістаў.

"Мы б хацелі пераняць вашу мадэль адукацыі. На наш погляд, яна вельмі паспяховая", — сказаў на заканчэнне пасол.

Мінск, 19 студзеня 2018
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/21/42337
Текущая дата: 24.12.2024