Белорусский портал в Казахстане

Сенат ЕГУ прыняў Вялікую ўніверсітэцкую хартыю



Аб гэтым паведамляе прэс-служба ВНУ.

Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) склікання 2015/2016 навучальнага года на пасяджэнні 28 кастрычніка рэкамендаваў рэктару ВНУ пачаць працэдуру афіцыйнага падпісання Вялікай універсітэцкай хартыі. 

Пасля разгляду заяўкі ЕГУ рэктар універсітэта будзе запрошаны на ўрачыстую цырымонію падпісання хартыі, якая пройдзе восенню 2017 года ў Балонні (Італія). 

"Факт прыняцця Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам Вялікай хартыі сведчыць аб усёабдымнай і гістарычнай прыхільнасці ўніверсітэта да правоў чалавека, свабоды думкі і самых высокіх стандартаў сапраўды свабоднай адукацыі", — адзначыў рэктар ЕГУ Дэвід Полік. 

Старшыня сената ўніверсітэта прафесар-эмерыт Рыгор Мінянкоў лічыць, што далучэннем да хартыі ЕГУ дэманструе сваю прыхільнасць да "еўрапейскіх гуманістычных каштоўнасцяў" і "імкнення ўсё больш арганічна і дынамічна ўключацца ў найноўшыя працэсы развіцця вышэйшай адукацыі". "І гэтым мы таксама пацвярджаем, што беларускія ўніверсітэты могуць заняць сваё годнае месца ў сусветнай універсітэцкай супольнасці, выконваючы нормы акадэмічнай свабоды і акадэмічнай аўтаноміі", — сказаў ён. 

Вялікая хартыя ўніверсітэтаў (Magna Charta Universitatum) — гэта дэкларацыя асноватворных прынцыпаў акадэмічных свабод, этыкі і якасці, якая была падпісана 388 рэктарамі і кіраўнікамі ўніверсітэтаў 18 верасня 1988 года падчас святкавання 900-годдзя Балонскага ўніверсітэта. Цяпер падпісантамі хартыі з`яўляюцца 802 універсітэты з 85 краін. ЕГУ прыме дакумент першым сярод прыватных універсітэтаў Літвы і другім сярод беларускіх ВНУ (першым быў Міжнародны ўніверсітэт "МІПСА"). 

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе прафесарам Анатолем Міхайлавым, які стаў яго першым рэктарам. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю кіраўніцтва ЕГУ, закрылі ВНУ, а праз год яна аднавіла працу ў Вільнюсе. ЕГУ з`яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Яго фінансуе кааліцыя міжнародных донараў, якія падтрымліваюць ЕГУ як альтэрнатыву дзяржаўным ВНУ Беларусі. 

Сенат з`яўляецца калегіяльным органам праўлення ЕГУ, які функцыянуе на аснове оксбрыджскай мадэлі акадэмічнага самакіравання. Членамі сената з`яўляюцца ўсе выкладчыкі ЕГУ, якія маюць навучальную нагрузку ад 0,75 стаўкі і вышэй, а таксама пяць членаў студэнцкага прадстаўніцтва. Пасяджэнні сената ЕГУ адкрытыя і праходзяць штомесяц.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 29 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/28/33087
Текущая дата: 24.11.2024