Белорусский портал в Казахстане

Навіны адукацыі ў свеце



Робаты замест вучняў, аплатная практыка для студэнтаў і рэестр казак.

Адукацыя

А што вы думалі? Бацькоўскія гены не схаваеш!

У кожнага другога расійскага бацькі-медаліста (54 працэнты) дзіця заканчвае школу з залатым або срэбным медалём, паказвае апытанне сэрвісу SuperJob.

Залежнасць ад матчыных поспехаў аказалася меншай: толькі 42 працэнты маці, якія скончылі школу з медалямі, паведамілі аб аналагічных дасягненнях сваіх дзяцей.

У 56 працэнтаў бацькоў, якія вучыліся на «пяцёркі», дзеці таксама заканчваюць школу з выдатнымі ацэнкамі. У 59 працэнтаў бацькоў-«харашыстаў» нашчадкі таксама атрымліваюць у асноўным «чацвёркі». А вось 40 працэнтаў бацькоў-«троечнікаў» кажуць, што іх сыны і дачкі вучыліся лепш, чым яны самі, і скончылі школу на «чацвёркі».

Аплатная вытворчая практыка для студэнтаў

Ва Узбекістане студэнты старшых курсаў змогуць праходзіць аплатную практыку на прадпрыемствах. Эксперымент запусцяць ужо ў найбліжэйшым навучальным годзе ў адным з універсітэтаў сталіцы.

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падпісаў адпаведны ўказ.

Эксперымент пройдзе ў рамках дуальнай сістэмы адукацыі «Майстар прафесіі», якую пачнуць уводзіць ужо ў 2023/2024 навучальным годзе для студэнтаў трэціх-чацвёртых курсаў Ташкенцкага інстытута тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.

Практыка будзе праходзіць у супрацоўніцтве з прадпрымальнікамі. Спачатку Гандлёва-прамысловая палата вызначыць, у якіх кадрах маюць патрэбу вытворчыя прадпрыемствы і сфера паслуг, а таксама якія патрабаванні яны прад’яўляюць да патэнцыяльнага кандыдата. Затым ведамства размесціць інфармацыю аб працоўных месцах на сайце, каб студэнты маглі азнаёміцца з ёй і выбраць прыдатныя вакансіі.

Праграму вытворчай практыкі зацвердзяць навучальныя ўстановы сумесна з прадпрыемствамі і Гандлёва-прамысловай палатай. За яе праходжанне студэнтам будуць налічваць заробак, частку якога штомесяц возьме на сябе Дзяржаўны фонд садзейнічання занятасці.

У Расіі створаць рэестр казак, абрадаў і былін

Аб’екты нематэрыяльнай спадчыны розных народаў — казкі, быліны, абрады, рамёствы, традыцыі, танцы і звычаі — хутка збяруць у адным рэестры. Пастанову аб вядзенні і стварэнні такой тэхналогіі падпісаў прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін. Пра гэта паведамляецца на сайце ўрада РФ.

У рэестры можна будзе даведацца, як з’явіліся танцы розных народаў і пасля якіх падзей складаліся быліны, якія ўключаны ў школьную праграму. Гэта дасць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з разнастайнасцю культуры Расіі і з захавальнікамі традыцый краіны. Усе звесткі будуць у вольным доступе ў інтэрнэце.

«Стварэнне агульнадаступнага інфармацыйнага рэсурсу дазволіць спрасціць вывучэнне, выкарыстанне, захаванне і папулярызацыю нематэрыяльнага этнакультурнага здабытку», — гаворыцца на сайце ўрада.

У кастрычніку 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб нематэрыяльным этнакультурным здабытку Расіі, у якім даручыў стварыць такі рэестр казак, захоўваць і вывучаць культуру розных рэгіёнаў.

Замест вучняў у школы адправяць... Робатаў

Улады японскага горада Кумамота ў рамках барацьбы з прагуламі і булінгам у школах прапанавалі замест вучняў у класы накіроўваць робатаў, паведаміў інтэрнэт-партал Іnsіder Paper са спасылкай на агенцтва AFP.

Прапануецца ўжо з лістапада накіроўваць у навучальныя ўстановы самаходных робатаў вышынёй не больш за метр, якія будуць самастойна перамяшчацца з класа ў клас, а школьнік будзе кіраваць ім дыстанцыйна. Ідэя выкарыстоўваць кіраваных вучнямі робатаў з’явілася на фоне заклапочанасці ўладамі краіны ростам колькасці прагулаў урокаў навучэнцамі. Школьнікі ідуць на такі крок з-за здзекаў і зневажанняў з боку аднагодкаў, піша партал.

«Стасункі з дапамогай гэтых робатаў не з’яўляюцца цалкам рэальнымі, але могуць даць пэўнае адчуванне рэальнасці дзецям, якія ўсё яшчэ няўпэўненыя і баяцца ўзаемадзеяння з іншымі. Мы спадзяёмся, што гэта дапаможа такім дзецям пераадолець іх страхі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік горада Макі Ёсідзата.

Паводле апошняга апытання міністэрства адукацыі, па ўсёй Японіі колькасць вучняў, якія прагульваюць, у пачатковай і сярэдняй школе дасягнула рэкорднага ўзроўню ў 2021 годзе, калі паказчык склаў 244 940 выпадкаў.

Аўтар: Сяргей Старынаў
Звязда, 8 лістапада 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/3/71585
Текущая дата: 23.11.2024