Белорусский портал в Казахстане

З 26 ліпеня ў ВНУ Беларусі будзе ажыццяўляцца дадатковы набор на месцы, якія засталіся вакантнымі ў дзённай бюджэтнай форме пасля асноўнага набору



Аб гэтым гаворыцца на партале Міністэрства адукацыі.

Інфармацыя аб наяўнасці вакантных месц па спецыяльнасцях размешчана на сайтах ВНУ. Прыём дакументаў для грамадзян Рэспублікі Беларусь - з 26 па 28 ліпеня. Залічэнне пройдзе 29 ліпеня.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, падводзячы папярэднія вынікі ўступнай кампаніі на бюджэт, падкрэсліваў "Гэты год адзначаны прыходам абітурыентаў з больш высокімі баламі сертыфікатаў па цэнтралізаваным тэсціраванні, што значна павысіла ўзровень конкурснай сітуацыі". Так, па традыцыйна высока запатрабаваных спецыяльнасцях прахадныя балы былі значна вышэйшыя за мінулагоднія. Напрыклад, па спецыяльнасцях "міжнародныя адносіны" (БДУ) прахадны бал склаў 378 (у 2014 годзе - 364), "міжнароднае права" (БДУ) - 383 (у 2014 годзе - 369).

Пры гэтым міністр дадаў, што ёсць некалькі ВНУ, дзе па выніках падачы заяў пакуль назіраецца недабор у 1-3 бюджэтныя месцы. Ніякіх спецыяльных загадаў не будзе - парадак і алгарытм правядзення дадатковага набору вызначаны загадзя і вядомы кіраўнікам устаноў адукацыі. Студэнтаў на дадатковы набор чакаюць Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова і некалькі іншых ВНУ.

Аб сваім рашэнні праводзіць дадатковы набор рэктары ВНУ паведамілі праз афіцыйны сайт установы адукацыі, прыёмную камісію, у сродках масавай інфармацыі.

24 ліпеня 2015, Мінск 
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/30/32121
Текущая дата: 26.12.2024