Белорусский портал в Казахстане

Беларускія мільярдэры — хто яны?



ВНУ, зь якіх выходзяць мільярдэрамі. Якія ўнівэрсытэты заканчвалі беларускія багацеі?

Паводле апытаньня сярод мільярдэраў з розных краін сьвету, амаль дзьве траціны зь іх атрымалі ўнівэрсытэцкую адукацыю.

Апытаньне самых багатых людзей плянэты праводзілася банкам UBS і сынгапурскай кампаніяй Wealth-X сярод больш як 2300 мільярдэраў.

Акрамя таго, што большасьць супэрбагатых людзей атрымалі вышэйшую адукацыю, чвэрць зь іх абараніла кандыдацкія дысэртацыі, а кожны дзясяты мае доктарскую ступень. Даляравыя мільярдэры вучыліся ва ўнівэрсытэтах, якія традыцыйна лічацца прэстыжнымі.

На першым месцы знаходзіцца Пэнсыльванскі ўнівэрсытэт, за якім ідуць Гарвард, Ель, Унівэрсытэт Паўднёвай Каліфорніі, Прынстанскі, Карнэльскі і Стэнфардзкі ўнівэрсытэт.

Свабода пацікавілася, а якія ВНУ заканчвалі беларускія багацеі?

1. Лічыцца, што ў Беларусі адзін статусны мільярдэр — Уладзімер Пефціеў. Менавіта ён на сёньня першым і апошнім зь Беларусі фігуруе ў рэйтынгу найбагацейшых людзей сьвету паводле вэрсіі часопіса «Forbes». Нарадзіўся ў Бярдзянску Запароскай вобласьці Ўкраіны і, мяркуючы па адкрытых зьвестках, зьвязаў свой лёс з войскам. Дзе ён вучыўся, афіцыйнай інфармацыі няма, ёсьць зьвесткі, што паводле прафэсіі ён чыгуначнік.

Ад 1993 году ўзьнікае у Беларусі, адразу ж атрымаўшы доступ да «залатой жылы». З падачы тагачаснага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча ўзначаліў кампанію «Белтэхэкспарт», якая займалася сьпісаньнем і гандлем зброяй, што ў вялізных маштабах засталася ад СССР.

2. Імклівы шлях да багацьця прайшоў Юры Чыж, заснавальнік разгалінаванай бізнэс-імпэрыі «Трайпл». Скончыў электратэхнічны факультэт тагачаснага Беларускага політэхнічнага інстытута, пачынаў на Менскім трактарным заводзе. У 1992 годзе распачаў уласны бізнэс — выпуск профіляў з ПВХ. Па выніках леташняга дасьледаваньня інтэрнэт-газэты «Ежедневник» прызнаны самым уплывовым бізнэсоўцам Беларусі.

3. Заснавальнік, бадай, найбольш вядомай у сьвеце кампаніі зь беларускімі каранямі «Wargaming» Віктар Кіслы — выпускнік фізычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Спэцыяльнасьць — «лазэрная фізыка і спэктраскапія». У 1998 годзе заснаваў кампанію «Гейм стрым», якая занялася прадукаваньнем кампутарных гульняў. Самы вядомы брэнд — «World of Tanks». 

4. Яшчэ адзін багацей, які пасьпяхова сумяшчае прыватныя інтарэсы зь дзяржаўнымі — старшыня рады дырэктараў прадпрыемства «Амкадор», генэральны дырэктар кампаніі «Проммединвест» Аляксандар Шакуцін. Пачынаў працоўную біяграфію трактарыстам у калгасе «Радзіма» на Аршаншчыне, пасьля чаго перапрафіляваўся і скончыў Менскі дзяржаўны мэдычны інстытут. Пэўны час займаўся камсамольскай дзейнасьцю. Прафэсія паводле дыплёму — лекар-лячэбнік.

5. Адзін з самых пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў, старшыня рады дырэктараў «FENOX Automotive Сomponents Gmbh» — Віталь Арбузаў. Сфэра інтарэсаў распаўсюджваецца ад Крэмніевай даліны ў ЗША да Паўднёва-Усходняй Азіі. А пачынаўся старт для нараджэнца Краснапольля з машынабудаўнічага факультэту Беларускага політэхнічнага інстытуту. Спэцыяльнасьць — «мэталярэжучыя станкі і інструмэнты».

6. Уладальнік рыбнай імпэрыі «Санта Брэмар» Аляксандар Машэнскі скончыў мэханіка-матэматычны факультэт БДУ. Пасьля атрыманьня дыплёму ня стаў шукаць шчасьця ў сталіцы, а вярнуўся ў роднае Берасьце. Асвойваў азы бізнэсу на малым прадпрыемстве ў свайго бацькі, які займаўся імпартам рыбы, пасьля чаго рэалізаваўся ва ўласнай справе.

7. Уплывовы бізнэсовец, які істотна пашырыў межы беларускіх ІТ-тэхналёгіяў, — Аркадзь Добкін. Заснавальнік кампаніі EPAM Systems, буйнейшага распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «інжынэр электратэхнікі». У 1991 годзе эміграваў у ЗША.

У якіх ВНУ сьвету вучылася больш за ўсё мільярдэраў

Пэнсільванскі ўнівэрсытэт
Гарвардзкі ўнівэрсытэт
Ельскі ўнівэрсытэт
Унівэрсытэт Паўднёвай Каліфорніі
Прынстанскі ўнівэрсытэт
Карнэльскі ўнівэрсытэт
Стэнфардзкі ўнівэрсытэт
Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Бэрклі
Мумбайскі ўнівэрсытэт
Лёнданская школа эканомікі
МДУ імя Ламаносава
Тэхаскі ўнівэрсытэт
Дартмуцкі каледж
Мічыганскі ўнівэрсытэт
Нью-Ёрскі ўнівэрсытэт
Унівэрсытэт Дзюка
Калюмбійскі ўнівэрсытэт
Браўнаўскі ўнівэрсытэт

Больш за 40% эўрапейскіх мільярдэраў жывуць толькі ў 10 гарадах, зь якіх Масква і Лёндан могуць пахваліцца самай вялікай колькасьцю супэрбагатых. Сталіцай сьвету па колькасьці мільярдэраў зьяўляецца Нью-Ёрк. Дзякуючы расейскім алігархам, на 11-м месцы сьпісу апынуўся МДУ.

Цікавасьць да вучобы зазвычай прасочваецца ў багатых людзей сьвету і ў іх далейшым жыцьці. У сьвеце прынята, што мільярдэры ахвяруюць грошы на дабрачыннасьць, найбольш часта яны выдзяляюць сродкі на адукацыю — асабліва на вышэйшую.

Радыё Свабода, 30 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/34/27940
Текущая дата: 27.12.2024